Алесь Міхалевіч спадзяецца на закрыццё справы
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч, які вярнуўся ў Беларусь пасля некалькіх гадоў, праведзеных за мяжой, спадзяецца, што яго крымінальная справа, як і ў выпадку іншых кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, будзе закрытая. Пакуль жа справа прыпыненая, але абмежаванні застаюцца, кажа Алесь Міхалевіч.
– Крымінальная справа па-ранейшаму застаецца, як і забарона выезду. Думаю, яны проста вырашылі зацягваць да лепшых часоў.
Алесь Міхалевіч вярнуўся ў Беларусь на пачатку верасня, яго адразу затрымалі на мяжы, але пазней адпусцілі. Экс-кандыдат у прэзідэнты прыняў рашэнне вярнуцца пасля таго, як у Беларусі не засталося палітвязняў. Афіцыйна ён заставаўся ў вышуку па справе аб «беспарадках» 19 снежня 2010 года, хоць справы супраць астатніх фігурантаў, якія атрымалі палітычны прытулак за мяжой, даўно былі спыненыя.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя