Алесь Міхалевіч застаецца фігурантам справы „аб масавых беспарадках”
Крымінальная справа „аб масавых беспарадках” 19 снежня 2010 года ў дачыненні да палітыка Алеся Міхалевіча, якая была прыпынена ў 2016 годзе, усё яшчэ не закрытая. Пра гэта ён паведаміў 15 снежня на трэцяй справаздачна-выбарчай канферэнцыі руху „За Свабоду”.
„З часам, калі я не буду кудысьці высоўвацца, да мяне не будзе прэтэнзій, то гэту крымінальную справу закрыюць”, — сказаў ён.
Многае, што адбываецца ў краіне, Міхалевічу, паводле яго слоў, „не падабаецца”. „Але ў мяне цяпер няма прэзідэнцкіх амбіцый”, —падкрэсліў ён.
Істотнай перавагай руху „За Свабоду”, на думку Міхалевіча, які сёння быў абраны першым намеснікам старшыні арганізацыі, з’яўляюцца „адэкватныя кіраўнікі”.
Міхалевіч, як і большасць іншых кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, быў затрыманы ў ноч на 20 снежня 2010 года. 19 лютага 2011 года яго выпусцілі са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе, а 28 снежня ён арганізаваў прэс-канферэнцыю, на якой расказаў пра катаванні ў СІЗА.
У сакавіку таго ж года Міхалевіч тайна выехаў з Беларусі, патлумачыўшы гэта „рэальнай фізічнай расправай” над ім, і праз некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. У ліпені 2012 года ён атрымаў афіцыйнае апавяшчэнне, што ён выключаны з цэнтральнай базы даных Інтэрпола як асоба, што знаходзіцца ў вышуку. 8 верасня 2015 года ён вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы беларускімі памежнікамі на літоўска-беларускай мяжы падчас пашпартнага кантролю як асоба, якая знаходзіцца ў нацыянальным вышуку. Міхалевіча перадалі міліцыі, але праз некалькі гадзін адпусцілі на волю пад падпіску аб нявыездзе. Тады палітык падаў ва ўпраўленне Следчага камітэта па Менску хадайніцтва аб спыненні ў дачыненні да яго крымінальнай справы, якая ў дачыненні да іншых фігурантаў ўжо закрытая, аднак атрымаў адмову.