Алесь Пушкін: Свядомым патрыётам няма за каго прагаласаваць на гэтых выбарах
Мастак Алесь Пушкін выказаў сваё стаўленне да кандыдатаў у прэзідэнты.
Алесь Пушкін: Свядомым патрыётам Беларусі няма за каго прагаласаваць на гэтых выбарах. Пра кіраўніка Беларусі ўжо не кажу, за 26 гадоў беларусы яго добра вывучылі і ведаюць, што за гэты час стала з беларускай этнічнасцю і мовай.
Акрамя таго, няхай прыедзе і пабачыць, якія заробкі ў нашым раёне ды іншых рэгіёнах, і як людзі выжываюць.
РР: Наколькі вядома, і альтэрнатыўныя кандыдаты вам не вельмі падабаюцца…
Алесь Пушкін: Я мяркую, што тры прэтэндэнты былі выстаўлены Расеяй – “народны будзільнік” Сяргей Ціханоўскі, “газпрамаўскі” Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала. Мне падаецца, што той жа Бабарыка – не вольны чалавек і не сам прымаў рашэнне балатавацца ў прэзідэнты.
Да таго ж, за 20 гадоў працы ў “Белгазпрамбанку” не зрабіў так, каб супрацоўнікі банка карысталіся роднай мовай. І ад яго асабіста я не чуў ні слова на мове.
Думаю, і Цапкала пазіцыянуе сябе як прадстаўнік “рускага свету”, таму мне няма за каго галасаваць. А апошняя кааліцыя штабоў Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай – наогул дзіўная рэч.
Вось у мяне пытанні: чаму на іх мітынгу не было ніводнага бел-чырвона-белага сцяга? Чаму яны цураюцца мовы і Курапатаў? Калі б першым крокам гэтых трох жанчын было наведванне мемарыяла ў Курапатах, то ўжо было б нейкае зразумелае пасланне грамадству. Але ж гэтага наогул не было.
Таму я прытрымліваюся таго, што гэтыя выбары трэба байкатаваць, хаця Лукашэнку ўсё роўна аб’явяць пераможцам. Мяркую, нейкі час ён яшчэ будзі кіраваць, а затым зменіць Канстытуцыю, каб адбыўся транзіт улады. Магчыма, усё пройдзе па расейскім сцэнары змены Асноўнага закона.
РР: Вы забыліся сказаць пра яшчэ аднаго кандыдата – Ганну Канапацкую. Што пра яе думаеце?
Алесь Пушкін: Ганна Канапацкая – прыгожая жанчына з прыгожым бюстам. Праўда, зараз яна мне нагадвае Сяргея Гайдукевіча, які рэгулярна ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах, але, прызнаюся, на яе бюст глядзець больш прыемна, чым на старога Гайдукевіча.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя