Алесь Рамановіч: Лукашэнка баіцца масавых пратэстаў
Праўладныя арганізацыі пачалі заяўляць пра мэтазгоднасць адцягвання мясцовай выбарчай кампаніі. На мінулым тыдні такую ініцыятыву дзеючай уладзе прапанавалі чальцы так званай Канстытуцыйнай камісіі. Паводле іх, новай Канстытуцыяй будзе прадугледжаны Адзіны дзень галасавання, які плануецца правесці ўвосень 2023 года, такім чынам сумесцяць кампанію ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў.
“Рэжым робіць усё, каб адцягнуць магчымасць масавых пратэстаў”, – упэўнены праваабаронца Алесь Рамановіч:
– Улады, Лукашэнка баяцца, што збяруцца людзі і зноў выйдуць на нейкія пратэсты. Тое ж самае, як святкаванне 9 траўня. Таксама ён не збіраў вялікіх натоўпаў, прыходзілі спецыяльна запрошаныя людзі на гэтыя вось масавыя мерапрыемствы. Ён баіцца масавасці, бо людзі выйдуць.
Паўнамоцтвы дзеючых мясцовых Саветаў дэпутатаў сканчаюцца напачатку наступнага года, таму выбарчая кампанія павінна была адбыцца ці сёлета ў снежні ці ўжо ў студзені 2022 года.
Беларускае Радыё Рацыя