Алесь Сілкоў: На выбарах будзе 1200 назіральнікаў



Рэгіянальны каардынатар кампаніі “Права выбару” Алесь Сілкоў распавядае пра тое, чаму выбары ў мясцовыя саветы найбольш складаныя для назірання.

Алесь Сілкоў: Зараз у нас ідзе падрыхтоўка назіральнікаў. Выбіраем участкі, дзе будуць балатавацца найбольш моцныя кандыдаты, каб зрабіць там і найбольш моцнае назіранне. Увогуле, збіраемся ахапіць 500 участкаў. Таксама асаблівую ўвагу будзем звяртаць і на акругі, дзе найбольшы адсотак папярэдняга галасавання.

РР: Вы будзеце працаваць ва ўзаемадзеянні з кандыдатамі?

Алесь Сілкоў: Так, нашы прадстаўнікі у абласцях пастаянна ўзаемадзейнічаюць з партыйнымі структурамі, каб узгадніць будучую працу. Дарэчы, самі кандыдаты таксама павінны арганізоўваць назіранне, яны найперш зацікаўлены ў гэтым.

РР: Колькі чалавек будзе задзейнічана ў назіранні?

Алесь Сілкоў: 1200 чалавек. Можа быць, у колькасным плане гэта і недастатковая лічба, але пастараемся зрабіць назіранне больш якасным. Акрамя гэтага, будуць працаваць яшчэ і валанцёры, таму ўсяго назіральнікаў будзе значна больш.

РР: Ці праўда, што падчас мясцовых выбараў назіральнікам складаней за ўсё працаваць?

Алесь Сілкоў: Безумоўна, бо гэтая кампанія – не парламенцкія і не прэзідэнцкія выбары, да якіх асаблівая ўвага. Таму шмат у чым якасць назірання на мясцовых выбарах залежыць ад таго, як сам кандыдат паставіцца да сваёй кампаніі. Калі яны хочуць бачыць вынік сваёй працы, то трэба арганізоўваць дадатковае назіранне на ўзроўні. А ўвогуле, цікавасць да мясцовых выбараў зусім малая. Нават ва ўлады.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя