Алесь Сілкоў: Наша мэта – паказаць, як праходзяць выбары ў Беларусі
Вынік выбараў павінны вызначаць галасы грамадзян. Удзельнікі кампаніі “Права Выбару”, у якую ўваходзяць амаль што ўсе апазіцыйныя партыі і рухі, рыхтуюцца правесці незалежнае назіранне на акругах, дзе будуць вылучаныя кандыдаты ад дэмакратычных сіл. Пра тое, як будзе арганізавана назіранне, расказвае нацыянальны каардынатар кампаніі “Права выбару” Алесь Сілкоў:
– Cамая галоўная наша мэта – данесці да грамадскасці, да нашых міжнародных сяброў пра тое, як праходзяць выбары ў Рэспубліцы Беларусь. Мы павінны паказаць, як яны праходзяць – ці праходзяць адкрыта і галосна, ці адпавядаюць яны міжнароднаму выбарчаму заканадаўству, альбо як заўжды. Вось гэта нашая галоўная мэта.
Бягучую выбарчую кампанію па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў Алесь Сілкоў называе “самай сумнай, нецікавай і цяжкай”:
– Няма ніякай увагі грамадства да гэтых выбараў, гэта мы адчуваем. Яшчэ таксама, што няма міжнародных назіральнікаў. І ўлада будзе рабіць на выбарах як заўжды. Але ёсць адзін плюс ад гэтых выбараў – кожны кандыдат можа правесці сваю кампанію. І мы гэтым кандыдатам будзем дапамагаць.
Кампанія “Права выбару” праводзіцца з 2008 году. Яе адметнай рысай з’яўляецца скіраванасць на “актыўнае назіранне”, якое ўключае ў сябе мабілізацыю валанцёраў не толькі для фіксацыі, але і для актыўнага супрацьдзеяння парушэнням падчас галасавання.
Беларускае Радыё Рацыя