Алесь Таболіч: Фінансавай падтрымкі ў мяне няма
Прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Аляксандр Таболіч распавёў пра тое, як праходзіць збор подпісаў.
Нагадаем, што Аляксандр Таболіч – лідар музычнага гурта Znich. Пазіцыянуе сябе як кандыдат ад беларускай культуры і ў першую чаргу разлічвае на падтрымку з боку творчай інтэлігенцыі.
Алесь Таболіч: У нашай ініцыятыўнай групе ў асноўным музыкі, людзі ідэйныя. Таму збіраюць подпісы так, як могуць.
Фінансавай падтрымкі ў мяне няма, я ж не банкір. Таму збор подпісаў адбываецца самым дэмакратычным метадам: колькі сабралі – столькі прынеслі. Я ж не гадамі збіраў ініцыятыўную групу, усё адбылося знянацку і па прыколе. А зараз ужо зусім не прыкольна.
РР: Сабраць 100 тысяч подпісаў немагчыма?
Алесь Таболіч: Вельмі складана, але, што называецца, надзея памірае апошняй. Я ўсё-такі паспрабую прайсці гэты шлях да канца, пакуль будуць магчымасці.
Я бачу, што і каманда Бабарыкі, і ініцыятыўная група Цапкалы збіраюць шмат подпісаў за свайго кандыдата, а гэта значыць, што свае ідэі прапануюць людзі з рознымі поглядамі.
Мне хочацца, каб краіна аб’ядналася, каб знайшла нейкі свой шлях, але я супраць Плошчы. Я – за культурную рэвалюцыю.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: intex-press.by