Алесь Таўстыка: Неабходна незалежніцкая кааліцыя



Кандыдат на пасаду старшыні Партыі БНФ Алесь Таўстыка прапанаваў астатнім кандыдатам падпісаць Дамову аб намерах і супрацы па адраджэнні незалежнасці і суверэнітэту.

“У заяве сойма БНФ, які быў прыняты нядаўна, не ўзгадваецца пра імкненне Партыі БНФ бараніць і адраджаць незалежнасць на падставе Канстытуцыі і Будапешцкага мемарандуму, – кажа Алесь Таўстыка. – Таму я прапаную заключыць паміж кандыдатамі на пасаду старшыні БНФ дамову, стварыць своеасаблівую незалежніцкую кааліцыю, якая дасць сябрам партыі – дэлегатам з’езда разуменне пазіцыяў кандыдатаў і будзе уплываць на выбар старшыні”.

Са слоў Алеся Таўстыкі, менавіта такую кааліцыю прапанаваў у 2010 годзе на выбарах прэзідэнта кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і кіраўнік партыі Аляксей Янукевіч. Тады іх прапанова была адрынута ўсімі кандыдатамі.

“Мы – кандыдаты на пасаду старшыні БНФ у выпадку свайго абрання кіраўніком фронту дзеля абароны Незалежнасці Беларусі будзем кіравацца пунктамі Канстытуцыі аб імкненні да нейтралітэту і суверэнітеце на ўсёй тэрыторыі Беларусі, – дадае суразмоўца. – Гэта азначае, што мы будзем, нават калі некаторых з нас не абяруць на пасаду старшыні, рабіць высілкі і самаахвярныя дзеі, каб, кіруючыся Канстытуцыяй, намагацца выхаду Беларусі з усіх саюзаў, якія пярэчаць Вышэйшаму закону”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя