Алеся Лагвінца не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты
Акружная выбарчая камісія 8 жніўня адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў намесніку старшыні Руху «За Свабоду» Алесю Лагвінцу.
Падставай для нерэгістрацыі сталі два папярэджанні, пры гэтым гучалі адрозныя ад ранейшых фармулёўкі. Першае папярэджанне – за ўлёткі, якія інфармавалі пра канцэрт Лявона Вольскага на пікеце па зборы подпісаў, другое – за нібыта ўзнагароджанне выбарцаў.
Такое рашэнне Алесь Лагвінец называе выключна палітычным.
– Мяне, магчыма, не зарэгістравалі, бо чулі і ведалі, што я сур’ёзна разглядаў магчымасць зняцця. Бо зняццё – гэта ўсё ж гульня па сваіх правілах, а не іх. Скарыстаўшыся магчымасцю для агітацыі, пры пэўных варунках, я лічу, кожны кандыдат вырашае сам. Але зняццё пры пэўных умовах – не самы горшы варыянт.
Лагвінец не выключае, што ён закліча да байкоту на 101 Сухараўскай выбарчай акрузе і абяцае таксама працягваць інфармацыйную кампанію ў акрузе.
Улады не маглі не заўважыць, што праца ў акрузе Алеся Лагвінца была вельмі крэатыўнай – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
— Ён сапраўды праводзіў кампанію найбольш хіба ярка ў Менску і гэта прыцягвала ўвагу. Адзін з пікетаў з удзелам Лявона Вольскага па зборы подпісаў выклікаў досыць негатыўную рэакцыю асабіста з боку старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Міхайлаўны Ярмошынай.
У той час на 108 Каліноўскай акрузе ў беларускай сталіцы зарэгістравалі іншага намесніка старшыні Руху За Свабоду Юрася Губарэвіча. Кандыдат таксама абяцае крэатыўную агітацыйную кампанію.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Алесь Лагвінец меў намер балатавацца па Сухараўскай выбарчай акрузе №101. Ён правёў дастаткова яркую кампанію па зборы подпісаў, у яе рамках у Сухараве з канцэртам выступіў Лявон Вольскі, а таксама па раёне раз’язджаў аўтамабіль з нацыянальнымі сімваламі і партрэтам самога Лагвінца. Таксама палітык правёў пікет на кальцавой дарозе.
«Адмовілі ў рэгістрацыі на падставе двух папярэджанняў. Адно было вынесенае за ўлёткі з маім партрэтам, якія палічылі інфармацыйна-агітацыйным матэрыялам. А другое — нібыта за подкуп выбаршчыкаў. Так ацанілі газету «Народная воля», якую мы раздавалі», — кажа Лагвінец.
«Увогуле настрой пазітыўны, хоць не будуць мучыць згрызоты, ці здымацца, ці не здымацца. Рэгістраваць мяне, відавочна, не было ў іх планах. Гэта цалкам палітычнае рашэнне. Мне здаецца, нам атрымалася правесці заўважную кампанію, этапам збору подпісаў трэба, відавочна, карыстацца», — мяркуе намеснік старшыні Руха «За Свабоду».
Лагвінец мае намер абскардзіць рашэнне акружной камісіі аб нерэгістрацыі, паведамляе nn.by.