Алеся Міхалевіча адпусцілі пад падпіску пра нявыезд



Замест мяне гэтую падпіску падпісалі двое панятых – звычайныя рабочыя, якія ў Астраўцы рамантавалі ў гэты момант кабінет кагосьці з начальнікаў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Алесь Міхалевіч адказаў на пытанні карэспандэнта Беларускага Радыё Рацыя:

– На дадзены момант я вяртаюся з Астраўца у Менск. Вельмі шчаслівы, што ўвогуле знаходжуся ў Беларусі, бо 4,5 гады я не быў у Беларусі, і таму для мяне гэтае вяртанне было ў любым выпадку вельмі прыемным. Я нават пагаджаўся і быў упэўнены, што сённяшнюю ноч сустрэну ў следчым ізалятары КДБ, але так атрымалася, што ўлады вырашылі замяніць утрыманне пад вартай на падпіску пра нявыезд і нават пагадзіліся на гэтую падпіску пра нявыезд пры тым, што я адмовіўся падпісваць дакументы. Замест мяне гэтую падпіску падпісалі двое панятых – звычайныя рабочыя, якія ў Астраўцы рамантавалі ў гэты момант кабінет кагосьці з начальнікаў.

РР: Вы не падпісалі падпіску. Чаму ўлады прынялі рашэнне вас адпусціць?

– Увогуле па законе гэта немагчыма, бо падпіска пра нявыезд – гэта дакумент, які чалавек сам падпісвае, як абавязальніцтва таго, што ён нікуды не будзе выязджаць. У маім выпадку, як я ўжо сказаў, я нічога не падпісаў, але наколькі я разумею для ўладаў перад выбарамі важна, каб у Беларусі не было палітвязняў. Трэба нагадаць, што я быў прызнаны палітычным зняволеным міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку „Міжнароднай амністыяй” – адной з самых аўтарытэтных міжнародных арганізацый. Таму ўлады проста вырашылі пазбавіцца ад мяне вось такім дзіўным спосабам. Хачу нагадаць, што я з’яўляюся абвінавачаным па справе аб “масавых беспарадках”, аб так званых “масавых беспарадках” 2010 года. І адпаведна ў любы момант падпіску пра нявыезд можна замяніць на ўтрыманне пад вартай і вярнуць мяне ў следчы ізалятар ці Камітэта дзяржаўнай бяспекі ці Міністэрства ўнутраных спраў.

РР: Вас выкраслілі са спісаў Інтэрпола. Як яны абгрунтавалі ваша затрыманне?

– Са спісаў Інтэрпола мяне выкраслілі пасля адпаведнай праверкі, калі сцвердзілі, што мой пераслед з’яўляецца палітычным. Беларусь патрабавала маёй выдачы, я заставаўся і застаюся ў спісе Садружнасці незалежных дзяржаў на арышт, заставаўся натуральна ў Беларусі. У мяне была так званая замена меры стрымання з падпіскі пра нявыезд на ўтрыманне пад вартай. Гэта азначала, што пры любым перасячэнні мяжы любы дзяржаўны чыноўнік павінен мяне затрымаць і перадаць следству, што ўласна кажучы сёння і адбылося, калі памежнікі мяне перадалі міліцыі, а міліцыя не дачакаўшыся рашэння Следчага камітэта мяне адпусціла.

РР: Чаму вы вырашылі вярнуцца ў Беларусь?

– Я хачу пачаць з таго, што ніколі не хацеў з’язджаць з Беларусі. Рашэнне ехаць было выклікана тым, што чакаў вельмі жорсткі прысуд у 2011 годзе, я быў упэўнены, што атрымаю сур’ёзны прысуд – тэрмін турэмнага зняволення. Як я шмат разоў казаў, што вярнуся, калі ў Беларусі не будзе палітзняволеных. Палітычных зняволеных выпусцілі – гэта для мяне натуральна мінімалізавала нейкія рызыкі найбольш жорсткага абыходжання. Па вялікім рахунку я быў гатовы да любога развіцця падзей, і зараз гатовы да таго, што мяне пасадзяць, гатовы да любых здзекаў. У нейкі момант проста перастаеш баяцца і разумееш, што не можаш без сваёй краіны, не можаш без сваёй сям’і, што калі зараз гэтага не зробіш, то відаць не вернешся ніколі. Для мяне Беларусь была і ёсць вельмі дарагой, я вельмі шчаслівы, што я вярнуўся.  

– Ідэальна для ўладаў расцягнуць маю справу па максімуму, значыць, адкласці яе пасля выбараў, а следства можа доўжыцца колькі заўгодна. Калі б мяне пасадзілі, думаю, што перад выбарамі яны павінны былі б праводзіць суд і заканчваць маю крымінальную справу. Я зацікаўлены, каб яе максімальна хутка закрылі, каб я быў абсалютна свабодным чалавекам. На сённяшні дзень я свабодны чалавек, але пад крымінальнай справай і без пашпарта. Па такім дакуменце я пераехаў беларускую мяжу – гэта дакумент уцекача ў адпаведнасці з Жэнеўскай канвенцыяй.

11954691_1017588318273700_4032091610461819195_n

12002772_1017588348273697_3504167498889920434_n

11904743_1017588451607020_4152088005419239849_n

(Фота facebook.com/yury.hubarevich)

[youtube id=”FLSfxVGd3lo”]

(Відэа belsat.eu)

* * *

„Мяне вязуць з Гудагая ў Ашмянскі РАУС, і там ужо будуць вырашаць мой далейшы лёс”, – паведаміў „Нашай Ніве” Алесь Міхалевіч а 10.59 беларускага часу праз тэлефон.

Раней прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта Аляксандр Цішчанка паведаміў, што Алесь Міхалевіч „затрыманы як асоба, што знаходзіцца ў вышуку”.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч, затрыманы сёння раніцай на мяжы беларускімі пагранічнікамі, будзе перададзены МУС, паведамляе БелаПАН.

* * *

Былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч быў сёння раніцай затрыманы ў цягніку з Вільні ў Менск. Хаця ён цягам апошніх трох з лішнім гадоў жыў у Чэхіі, аднак супраць яго не спыненая крымінальная справа ў сувязі з масавымі бяспарадкамі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010-га года.

Правабаронца Валянцін Стэфановіч не выключае, што Міхалевіч будзе зняволены, але ў такім разе ён будзе лічыцца палітвязнем:

– Ёсць падставы меркаваць, што ён будзе змешчаны ў следчы ізалятар МУС альбо КДБ як абвінавачаны па крымінальнай справе, калі, канешне, нашым уладам хопіць на гэта мазгоў у сённяшняй сітуацыі, калі былі вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя. Калі Міхалевіч будзе змешчаны ў следчы ізалятар, то адназначна мы, як праваабарончая арганізацыя Беларусі, будзем вызнаваць яго як палітычнага зняволенага і будзем патрабаваць яго неадкладнага вызвалення.

Алесь Міхалевіч заявіў, што вяртаецца ў Беларусь, усведамляючы свой статус падсуднага, аднак з улікам першай ластаўкі свабоды – вызвалення палітвязняў. З улікам агучаных ім фактаў катаванняў у турме КДБ у Менску, ён няўпэўнены наконт свайго лёсу пасля вяртання на Бацькаўшчыну.

* * *

Памежнікі знялі з цягніка Вільня-Менск былога палітуцекача, кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года і вязня Плошчы-2010 Алеся Міхалевіча.

Цяпер ён знаходзіцца ў памежным пункце „Гудагай”, памежнікі высвятляюць акалічнасці справы.

Пра гэта паведаміў Алесь Зарэмбюк, які быў у пастаянным тэлефонным кантакце з палітыкам:

– Былі з ім у кантакце, але зараз яго тэлефон недасягальны. Алесь вяртаеца ў Беларусь. Ён запланаваў гэта адразу пасля вызвалення Мікалая Статкевіча. Мы пра гэта размаўлялі ў Варшаве, калі ён ехаў з Прагі ў Польшчу. Яго намер – вярнуцца ў Беларусь і застацца там. Аднак ён застаецца фігурантам справы, якая была пачата пасля “прэзідэнцкіх выбараў” у 2010 годзе.

Калі я апошні раз з ім размаўляў, ён ужо быў на беларускім баку мяжы. Алеся правяралі памежнікі, якія яго і затрымалі.

Былы кандыдат на пасаду прэзідэнта і вязень Плошчы-2010, палітычны эмігрант Алесь Міхалевіч заявіў пра сваё вяртанне ў Беларусь.

Пра гэта палітык паведаміў у сваім Фэйсбуку:

– Вяртаюся ў Беларусь. Шмат разоў казаў, што вярнуся ў Беларусь адразу, як выпусцяць асноўных палітзняволеных (думаў пра Бяляцкага і Статкевіча). Яны на свабодзе. Перасякаю мяжу Беларусі, ведаю, што мяне арыштуюць, бо застаюся апошнім звінавачаным па справе „масавых беспарадках” 2010 года, якую Следчы камітэт адмаўляецца закрываць… Рана ці позна выйду на свабоду… Жыве Беларусь!!!

ales150907-9qga0

Палітык едзе  з Вільні. Яго цягнік мае прыбыць у Менск а 10.30. Аднак паведамляецца, што ён ужо затрыманы ў Гудагаі.

Алесь Міхалевіч пасля атрымання палітычнага прытулку жыў і працаваў у Чэхіі, час ад часу сустракаўся за межамі Беларусі з сям’ёй, якая засталася ў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя