Алесю Меху перашкаджаюць праводзіць агітацыйную кампанію



Электральная кампанія ў Кобрыне. Незалежнаму кандыдату ў Палату прадстаўнікоў Алесю Меху мясцовая ўлада замінае працаваць. Зрываюцца сустрэчы з выбаршчыкамі, забараняюцца публікацыі з кандыдатам да старонках мясцовай раёнкі. За ўдзел у мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў Мех быў звольнены з працы. „І зараз, нягледзячы на прадказальны вынік выбараў, працую з людзьмі,” – кажа Алесь Мех.

– Выбарчая камісія пачала друкаваць інфармацыйныя матэрыялы, і ў гэтых інфармацыйных матэрыялах надрукавалі фотаздымкі ўсіх у нармальным стане, а мой фотаздымак увогуле не праглядаецца. Таксама мне адмаўляюць у тым, каб я мог размясціць свой зварот да грамадзян у нашай мясцовай газеце “Кобрынскі веснік”. Была ў нас сустрэча з медычнымі работнікамі, на чацвёртай хвіліне майго выступу галоўны урач Кобрынскай лякарні груба спыніў мяне і пачаў заклікаць не галасаваць за маю кандыдатуру.

Акруговая выбарчая камісія пастаўлена ў вядомасць аб дыскрымінацыйных дзеяннях з боку праўладных структур. У сваёй пісьмовай скарзе ў выбарчую камісію Алесь Мех просіць выправіць сітуацыю.

Беларускае Радыё Рацыя