Аліна Коўшык: Гэта гістарычная прамова прэзідэнта Байдэна
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выступіў у Варшаве. Падчас сваёй прамовы ён узгадаў свой нядаўні візіт у Кіеў і зазначыў, што вайна ва Украіне стала выпрабаваннем для ЗША, ЕЗ і НАТА, аднак Паўночнаатлантычны альянс зараз згуртаваны як ніколі, насуперак чаканням расейскага прэзідэнта. Таксама амерыканскі лідар паабяцаў прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у ваенных злачынствах ва Украіне і падзякаваў Польшчы, якая прыняла ўкраінскіх бежанцаў. Выступоўца дадаў, што ЗША ўвядзе новыя санкцыі супраць Расеі ўжо на гэтым тыдні.
Узгадаў у сваёй прамове Джо Байдэн і Беларусь. Ён падкрэсліў, што народ краіны працягвае змагацца за сваю дэмакратыю.
„Для нас гэта вельмі важна”, – кажа прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету, якая таксама прысутнічала на сустрэчы, Аліна Коўшык:
– Я думаю, што гэта безумоўна гістарычная прамова прэзідэнта Байдэна, які другі раз, цягам аднаго года, з’явіўся ў Варшаве і прамаўляў тут звяртаючыся насамрэч да ўсяго свету. Што было важна для нас беларусаў, ён звярнуўся сёння і да нас. Ён назваў беларусаў „Смелыя людзі Беларусі, якія змагаюцца за сваю свабоду”. Дык вось я сапраўды хачу падкрэсліць, што мы беларусы смелыя людзі і мы змагаемся за нашую свабоду, таксама як украінцы змагаюцца за сваю свабоду. Не будзе вольнай Еўропы без свабоднай Украіны і свабоднай Беларусі.
Выступ прэзідэнта ЗША працягваўся каля 20 хвілін. Цалкам яго можна ўбачыць на сайце Белага Дому. Акрамя Джо Байдэна, на падзеі таксама выступіў і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя