Алкаеў: Словы Гараўскага трэба прымаць за праўду



“Ён сказаў гэта не ў піўной, ён сказаў афіцыйна, таму давайце будзем яго словы ўспрымаць як, прынамсі, праўдападобныя”, — так былы дырэктар следчага ізалятара №1 на Валадарскага Алег Алкаеў пракаментаваў прызнанні Юрыя Гараўскага.

Напярэдадні на DW выйшаў дакументальны фільм, у якім беларус Юрый Гараўскі прызнаўся ў саўдзеле ў забойстве беларускіх апазіцыянераў у 1999 годзе. Гараўскі заявіў, што служыў у САХРы (спецыяльным атрадзе хуткага рэагавання). Менавіта гэтая структура, па яго словах, выкрала і забіла Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Сам Гараўскі некалькі гадоў таму трапіў у аўтакатастрофу, якую лічыць замахам на сябе. Пасля гэтага ён пераехаў на Захад і папрасіў палітычнага прытулку.

Алкаеў, які напісаў кнігу „Расстрэльная каманда”, мяркуе, што прызнанне Гараўскага магло быць інспіраванае з Масквы, каб націснуць на Лукашэнку, не даць яму зблізіцца з заходнімі дэмакратыямі. Аднак лічыць словы Гараўскага праўдападобнымі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: spring96.org