У Цэнтрвыбаркаме прайшла нарада з удзелам кандыдатаў у прэзідэнты і іх прадстаўнікоў (абноўлена)
Усе нашыя раней запланаваныя мерапрыемствы будуць праходзіць у штатным рэжыме, – сказала пасля нарады ў Цэнтрвыбаркаме кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская.
Як вядома, у сувязі з затрыманнем пад Менскам 33 баевікоў з расейскай прыватнай ваеннай кампаніі „Вагнер”, з інфармацыяй на паседжанні ЦВК з удзелам кандыдатаў у прэзідэнты ці іх давераных асобаў выступіў дзяржсактратар Рады бяспекі Андрэй Раўкоў. Ён папярэдзіў кандыдатаў аб тэрарыстычных пагрозах падчас масавых мерапрыемстваў. Таму падчас сустрэчаў з выбарцамі будуць прадпрымацца дадатковыя меры бяспекі.
Святлана Ціханоўская пацвердзіла, што меры бяспекі на яе сустрэчах з выбарцамі будуць узмоцненыя:
– Будуць усталяваныя металашукальнікі, будзе ачапленне – гэта ўсё для таго, каб людзі, якія прыходзяць да нас на пікеты, адчувалі большую бяспеку. Таму ўсе прыходзім сёння на пікет Святланы Ціханоўскай. Усё ў штатным рэжыме. Беражыце сябе! Адказнасць за меры бяспекі зараз узяла на сябе нашая дзяржава.
Пра гісторыю з затрыманнем 33 расейскіх баевікоў каля Менску Святлана Ціханоўская сказала, што спадзяецца на аб’ектыўнае, у тым ліку і журналісцкае, расследаванне. Здымацца з выбараў у сувязі з абвастрэннем сітуацыі яна не збіраецца і пойдзе да перамогі.
Пасля паседжання ў Цэнтрвыбаркаме давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сказала, што ўсе кандыдаты ў прэзідэнты былі папярэджаныя аб тым, што павінны клапаціцца пра бяспеку тых людзей, з якімі адбываюцца сустрэчы падчас агітацыйнай кампаніі ў гэтай выбарчай гонцы. Па словах Наталлі Качанавай, інфармацыя сур’ёзная і меры бяспекі будуць тычыцца і выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі:
– Мы дакладана працуем так, як і ўсе. Мы будзем рабіць усё, каб забяспечыць меры бяспекі тых людзей, якія будуць сустракацца з намі. І калі ўлады будуць сёння забяспечваць пры правядзенні масавых мерапрыемстваў яшчэ нейкія дадатковыя меры, то я лічу гэта правільным. Бо жыццё людзей – гэта самае галоўнае, што ёсць у нашай краіне.
Па меркаванні Наталлі Качанавай, дадатковыя меры бяспекі не перашкодзяць нармальнаму ходу выбарчай кампаніі:
– Я лічу, што ні ў якім разе не будуць перашкаджаць. Бо ў нашай дзяржаве самае галоўнае – гэта чалавек. Таму забяспечыць бяспеку – гэта задача ўлады. Калі сюды прыязджаюць людзі, якія ўдзельнічалі ў такіх акцыях, то гэта больш, чым сур’ёзна.
РР: Як гэта паўплывае на адносіны Беларусі з Расеяй?
Наталля Качанава: А прычым тут стасункі з Расеяй? Расейскія грамадзяне і Расея – гэта блізкі наш партнёр. Я не магу зараз гэта каментаваць…
У выніку пытанне аб наступствах інцыдэнту з затрыманнем расейскіх баевікоў для адносінаў Беларусі і Расеі Наталля Качанава не пракаментавала, спаслаўшыся на недахоп інфармацыі.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
* * *
Персанальна прысутнічалі Андрэй Дмітрыеў, Ганна Канапацкая, Сяргей Чэрачань, Святлана Ціханоўская. Аляксандра Лукашэнку прадстаўляла яго давераная асоба Наталля Качанава.
У сувязі з затрыманнем пад Менскам 33 баевікаў з расейскай прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер» з інфармацыяй выступіў дзяржсакратар Рады бяспекі Андрэй Раўкоў. Ён папярэдзіў кандыдатаў аб тэрарыстычных пагрозах падчас масавых мерапрыемстваў. І сказаў, што ў сувязі з гэтым падчас сустрэчаў з выбарцамі будуць ладзяцца дадатковыя меры бяспекі. Але сустрэчы і мітынгі забароненыя не будуць.
Пасля ён каротка распавёў журналістам пра інцыдэнт з ПВК «Вагнер»:
– Трыццаць тры затрыманыя, каля 200 недзе знаходзіцца на тэрыторыі па аператыўнай інфармацыі. Як іголка ў стозе сена.
Па словах Андрэя Раўкова, па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа аб падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: gazetaby.com
***
Альтэрнатыўныя кандыдаты ў прэзідэнты Сяргей Чэрачань, Святлана Ціханоўская, Андрэй Дзмітрыеў і Ганна Канапацкая 30 ліпеня прыбылі на сустрэчу ў Цэнтрвыбаркам.
Напярэдадні вечарам усім ім патэлефанавалі і папрасілі прыйсці.
Сяргей Чэрачань прыйшоў у спартыўным касцюме. Журналістам ён растлумачыў такі від тым, што не выключае затрыманняў кандыдатаў. Цёплыя рэчы, паводле яго слоў, знаходзяцца ў машыне. «Калі што, хлопцы збягаюць», – сказаў ён.
Паводле слоў Чэрачня, у яго няма «абсалютна ніякіх ідэй», навошта кандыдатаў выклікалі ў ЦВК. «Альбо кагосьці будуць здымаць, альбо абмяжоўваць мерапрыемствы па агітацыі, альбо затрымліваць», – сказаў ён.
На пытанне пра далейшую стратэгію Чэрачань сказаў: «Давайце мы спачатку даведаемся, што ў іх сёння на парадку дня, а потым ужо будзем збіраць штабы і планаваць, як мы будзем дзейнічаць далей. З іншымі кандыдатамі размаўлялі. Але мы павінны даведацца пра вынік сённяшняга пасяджэння».
Разам з Ціханоўскай у ЦВК прыбылі яе паплечніцы з аб’яднанага штаба Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала. На пытанне журналістаў, ці вядомая ёй прычына выкліку з ЦВК, Ціханоўская сказала: «Не, абсалютна не». Ніякіх здагадак і чаканняў у яе няма.
Калі спыталі, што яна будзе рабіць, калі яе здымуць з перадвыбарнай гонкі, Ціханоўская адказала: «Мяне не здымуць. За што мяне здымаць? Давайце мы спачатку дачакаемся, што нам скажуць».
Карэспандэнт БелаПАН папрасіла Ціханоўскую пракаментаваць учарашнія навіны па тэлеканале АНТ, дзе паведамілі пра затрыманне расейскага паліттэхнолага Віталя Шклярава, які нібыта працаваў у камандзе яе мужа Сяргея Ціханоўскага. «Бачыла, але гэтага чалавека я не ведаю», – сказала яна. Пры гэтым на пытанне, ці працаваў ён у яе штабе, Ціханоўская не адказала.
Кандыдат таксама заявіла, што не баіцца правакацый на сваім сённяшнім пікеце.
Наступным у ЦВК прыбыў Андрэй Дзмітрыеў. Ён пажартаваў, што таксама ўзяў з сабой рэчы на выпадак затрымання. На пытанне, чаго ён чакае, кандыдат заявіў, што «зараз канцэрт будзе ладзіць улада». «Пачынаючы з учарашняга прадстаўлення – выхаду з цыганачкай», – сказаў Дзмітрыеў.
Каментуючы ўчарашнія затрыманні баевікоў пад Менскам, ён зазначыў: «Пажывём – пабачым, калі гэтыя баевікі плакаць пачнуць і даваць паказанні. Тады, можа быць, штосьці стане больш зразумела. Пакуль гэта выклікае больш пытанняў. Так атрымліваецца ў Беларусі: жывем мы пяць гадоў спакойна, ніхто нікога не чапае. І вось літаральна да выбараў пачынаюць пацукі з глузду зʼязджаць, »Вагнер« прыязджае не той. Пакуль гэта выглядае як жаданне яшчэ больш адсунуць выбары ад грамадства або грамадства ад выбараў на падставе клопату пра незалежнасць, якая нам усім дарагая».
Ганна Канапацкая, як і ўсе астатнія кандыдаты, заявіла, што не ведае, навошта яе выклікалі ў ЦВК. «Мне б вельмі хацелася, каб у любым выпадку выконвалася заканадаўства», – сказала яна.
Канапацкая адзначыла, што ёй на працягу кампаніі паступала столькі пагроз, што «ўжо нічога не страшна».
У ЦВК таксама прыбыў дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў.