Алякандр Ярашук увайшоў у склад адміністрацыйнай рады МАП



Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук увайшоў у склад адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) на 2021—2024 гады. Выбары членаў выканаўчага органа МАП адбыліся падчас 109-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы, што праходзіць гэтымі днямі.

Ярашук увайшоў у склад адміністрацыйнай рады МАП чацвёрты раз.

Адміністрацыйная рада кіруе працай арганізацыі паміж сесіямі генеральнай канферэнцыі і вызначае парадак выканання яе рашэнняў. Складаецца з пастаянных членаў, іх намеснікаў і асоб, якія замяняюць пастаянных членаў. У склад рады ўваходзяць прадстаўнікі ўрада, наймальнікаў і працоўных.

Ярашук уключаны ў склад гэтага органа ў якасці асобы, якая замяняе пастаяннага члена, ад працоўных. У адпаведнасці з статутам адміністрацыйнай рады, такая асоба „можа суправаджаць пастаяннага члена падчас пасяджэнняў рады, але не мае права выступаць”. У выпадку адсутнасці пастаяннага члена рады асоба, якая яго замяняе, карыстаецца ўсімі яго правамі.

Як паведамлялася, у межах 109-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы камітэт па прымяненні стандартаў 18 чэрвеня зацвердзіў заключэнне аб выкананні Беларуссю нормаў канвенцыі № 87 МАП аб свабодзе аб’яднанняў і абароне права аб’ядноўвацца ў прафсаюзы.

Камітэт „выказаў глыбокую занепакоенасць” тым, што ўрад Беларусі не прыняў меры па выкананні большасці рэкамендацый камісіі па расследаваннях ад 2004 года, якія тычацца канвенцыі № 87.

Камітэт па прымяненні стандартаў заклікаў урад краіны „неадкладна аднавіць поўную павагу да правоў і свабод працоўных”, а таксама „гарантаваць адэкватную абарону альбо даць імунітэт ад любых формаў адміністрацыйнага затрымання службовых асоб прафсаюзаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць і карыстаюцца сваімі грамадзянскімі свабодамі, уключаючы свабоду слова і свабоду сходаў”.

Урад Беларусі заклікалі „прыняць меры па вызваленні ўсіх затрыманых прафсаюзных дзеячаў і адмовіцца ад любога пераследу тых, хто ўдзельнічаў у мірных пратэстах, устрымацца ад арыштаў, прымянення гвалту або запалохвання ў дачыненні да прафсаюзных лідараў, якія займаюцца сваёй законнай дзейнасцю”. Камітэт заклікаў Беларусь неадкладна правесці незалежнае расследаванне ўсіх выпадкаў запалохвання і гвалту, аб якіх было заяўлена.

Камітэт таксама заклікаў урад на заканадаўчым роўні або роўні правапрымяняльнай практыкі ліквідаваць перашкоды для рэгістрацыі прафсаюзаў і „самым рашучым чынам” заклікаў Беларусь „устрымацца ад любога ўмяшання ў працэсы стварэння прафсаюзаў на прыватных прадпрыемствах, адмовіцца ад заклікаў да стварэння прафсаюзных арганізацый пад пагрозай ліквідацыі кампаній, а таксама адкрыта заявіць, што стварэнне прафсаюзаў застаецца менавіта правам працоўных”.

Беларусь заклікалі прывесці заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і іншыя акты ў адпаведнасць з прынцыпамі свабоды сходаў, адмовіцца ад санкцый у дачыненні да прафсаюзных дзеячаў, якія ўдзельнічалі ў мірных пратэстах, не перашкаджаць прафсаюзам у атрыманні дапамогі ад замежных арганізацый і інш.

belapan.by