Аляксандр Алесін: Мы не стаім на парозе вайны
„Для Беларусі такое развіццё падзей скрайне непажаданае”, – кажа вайсковы эксперт Аляксандр Алесін, каментуючы расейска-ўкраінскі канфлікт у Керчанскім праліве.
Эксперт Аляксандр Алесін адзначае, што гэта можа адбіцца на гандлі з Украінай, могуць пагоршыцца ўмовы пропуску тавараў і людзей праз мяжу:
– Кожны з бакоў можа запатрабаваць ад Беларусі, каб яна вызначылася са сваёй пазіцыяй, каго яна падтрымлівае, чый бок. Магчыма, што ў міжнародных арганізацыях давядзецца выступіць і праявіць сваю пазіцыю. Я думаю, што пазіцыя Беларусі звядзецца да такога выразу: „Рабяты, давайце жыць дружна”, і яна закліча да мірнага вырашэння канфлікту.
Аляксандр Алесін пагаджаецца з тым, што сітуацыя скрайне напружаная, але мяркуе, што мы ўсё ж „не стаім на парозе вайны”:
– Украіна канешне ў ваенным плане моцна прайграе Расеі. Наступальнай аперацыі з боку Украіны чакаць не даводзіцца, а Расеі гэты інцыдэнт скрайне нявыгадны. Улічваючы тое, што ў міжнароднай супольнасці і так сфармавалася скрайне негатыўнае стаўленне да Расеі з-за падзеяў ва Украіне, і ўводзяцца санкцыі. Я думаю, што яшчэ адзін віток санкцый у адносінах да Расеі, ёй будзе вельмі непрыемны.
„Бакі будуць стрымлівацца ад далейшай эскалацыі канфлікту і старацца прасоўваць сваю пазіцыю ў міжнародных арганізацыях”, – падсумоўвае Аляксандр Алесін.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя