Аляксандр Алесін: Ступень недаверу ў Еўропе павялічылася



Выхад Расеі з Дамовы аб звычайных узброеных сілах падвысіць ступень недаверу ў Еўропе. Такое меркаванне выказвае вайсковы аглядальнік газеты “Беларусы і рынак” Аляксандр Алесін. Дамова, падпісаная ў 1990 годзе НАТА і Арганізацыяй Варшаўскай дамовы, фактычна спыніла халодную вайну ў Еўропе.

Як адзначае Аляксандр Алесін, гэты дакумент вызначаў квоты колькасці войскаў і ўзбраенняў для паасобных краінаў, якія размешчаныя на еўрапейскім кантыненце? ды ўтрымліваў іншыя абавязацельствы:

– Там былі працэдуры, якія прадугледжвалі, колькі войскаў і баявой тэхнікі можна прыцягваць да вучэнняў, як доўга яны могуць знаходзіцца ў раёнах вучэнняў, прадугледжвалі працэдуру кантроля, запрашэння назіральнікаў на вучэнне, удакладнення наяўнасці войск і тэхнікі ў вызначаных рэгіёнах. То бок кожная краіна-ўдзельнік дамовы мае права запатрабаваць праверкі тэрыторыю любой сумежнай краіны.

Напярэдадні расейскі МЗС абвясціў пра адмову гэтай краіны ад удзелу ў кантактнай групе па выкананні Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе. Расейскі бок папрасіў Беларусь, каб яна прадстаўляла Расею ў гэтай групе. Беларускі МЗС пакуль ўстрымліваецца ад каментароў.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя