Аляксандр Алесін: У Беларусі няма ракеты сярэдняй далёкасці
У Беларусі няма ракеты сярэдняй далёкасці ў класічным разуменні, заявіў БелаПАН ваенны эксперт Аляксандр Алесін.
Так ён пракаментаваў словы Аляксандра Лукашэнкі, сказаныя напярэдадні на сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Раманам Галоўчанкам, пра тое, што ў Беларусі ўжо стварылі ракету сярэдняй далёкасці, і планах па распрацоўцы яшчэ больш магутнай зброі.
Увечары 23 верасня прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант у каментарыі Sputnik удакладніла, што гаворка ішла не пра ракеты сярэдняй далёкасці па класіфікацыі Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, а пра боепрыпасы да ракетнай сістэмы залпавага агню «Паланэз» з павялічанай далёкасцю палёту.
«Класічную ракету сярэдняй далёкасці – ракету з далёкасцю палёту ад 1.000 да 5.500 кіламетраў балістычнага, квазібалістычнага, крылатага тыпу – вельмі цяжка стварыць, – адзначыў Алесін. – Нямногія краіны на гэта здольныя, таму што трэба мець шмат важных тэхналогій, перш за ўсё тэхналогіі навядзення. Паколькі гэта не ядзерная, а звычайная ракета, на адлегласці 1.500–2.000 кіламетраў яе трэба правільна нацэліць. Якой бы вялікай ні была баявая частка, ракета ўсё роўна павінна патрапіць у круг хаця б 30 метраў дыяметрам, тады будзе нейкае паражэнне. Таму самая важная частка – сістэма навядзення».
«Пакуль мы такую задачу не ставім, хоць пры дапамозе кітайцаў класічную ракету сярэдняй далёкасці паветранага базавання мы маглі б стварыць, каб яна запускалася са знішчальнікаў СУ-30СМ, якія нам прапаноўвае Расейская Федэрацыя. Ракета запускаецца з паветра, ёй трэба менш энергіі. Думаю, на базе кітайскага прататыпу мы цалкам бы маглі стварыць такую ракету. Аднак Лукашэнка сказаў, што мы не будзем такія ракеты ні размяшчаць, ні вырабляць – пакуль», – падкрэсліў ён.
Паводле яго слоў, у выпадку з выказваннем кіраўніка дзяржавы «ўся праблема заключаецца ў тэрміналогіі». «Атрымаўшы ракету далёкасцю 500 кіламетраў, над якой працуе зараз наш ваенна-прамысловы комплекс і якую меў на ўвазе Лукашэнка, мы фактычна зможам паражаць сталіцы ўсіх нашых суседніх дзяржаў і найбольш важныя аб’екты іх інфраструктуры. Таму ў пэўнай ступені гэтую ракету таксама можна назваць эквівалентам ракет сярэдняй далёкасці. Гэта пытанне тэрміналогіі. Але ў класічным сэнсе, вядома, гэта не ракета сярэдняй далёкасці», – патлумачыў ваенны эксперт.
Як сказаў Алесін, поўную яснасць па гэтым пытанні ўнёс прэс-сакратар Дзяржкамваенпрама Уладзімір Лаўранюк, які заявіў, што Лукашэнка «меў на ўвазе квазібалістычную ракету, якая можа манеўраваць на траекторыі, далёкасцю да 500 кіламетраў».
«Кітайская ракета М20, якая паслужыла базай для стварэння беларускай ракеты, была паказана на выставе Milex-2017. А ўжо больш прасунуты варыянт, так сказаць, у беларускай перапрацоўцы быў паказаны на Milex-2019. Там мы больш падрабязна ўбачылі, што ўяўляе сабой сістэма навядзення гэтай ракеты, у прыватнасці тое, што на апошнім участку траекторыі ў яе ўключаецца саманавядзенне пры дапамозе радыёлакатара. Гэтая ракета і мелася на ўвазе», – падсумаваў эксперт.