Аляксандр Алесін: Вайна паміж Расеяй і Украінай немагчымая



Па меркаванні эксперта па ваенных пытаннях Аляксандра Алесіна, вайна паміж Расеяй і Украінай немагчымая найперш таму, што гэта невыгодна Расеі.

Аляксандра Алесін

Як ён распавёў у размове з Радыё Рацыя, зараз умовы для таго, каб наступаць на Украіну вельмі неспрыяльныя:

– Таму што Украіна гатова да нападу, і засяродзіла на захадзе і паўночным захадзе сваёй тэрыторыі, як паведамляюць розныя крыніцы, ад 100 да 120 тысяч вайскоўцаў з адпаведнай баявой тэхнікай і сістэмамі артылерыі. І вядома наступаць у лоб на разгорнутую абарону, у тым ліку супрацьтанкавую, якую паставілі ЗША, невыгодна. Што да паўночнага кірунку, з тэрыторыі Беларусі калі наступаць, то мясцовасць там не дазваляе для разгортвання вялікіх мас танкаў і вайсковай тэхнікі. Там балоцістая мясцовасць, і надвор’е такое, што гэтыя балоты не прамярзаюць ніколі, таму я лічу, што такі наступ быў бы багаты для Расеі на вельмі вялікія страты. Акрамя таго, каб наступаць, трэба мець перавагу над абаронцам у 3-4 разы. Гэта значыць, што калі наступаць супраць украінскай групоўкі ў 100 тысяч, расейцы павінны мець наступальную групоўку каля 300-400 тысяч. Але колькасць усіх іх сухапутных сіл складае каля 220-230 тысяч. Гэта значыць, што толькі калі ад Далёкага Усходу да Калінінграда адабраць усе сухапутныя сілы, і перакінуць іх да Украіны, то тады можна стварыць такую групоўку.

Слухайце размову цалкам у далучаным гукавым файле:

Працягнецца гульня на нервах, – хто каго дацісне, хто першы адступіць, выявіць слабасць. І тут цяжка прадбачыць, – хто першы выявіць слабасць, – кажа Аляксандр Алесін.

Беларускае Радыё Рацыя