Аляксандр Авяр’янаў: Я прывязаўся сэрцам да гэтай зямлі



Амбасадар Беларусі ў Польшчы Аляксандр Авяр’янаў паведаміў, што гэта апошні яго візіт у Беласток у якасці амбасадара. Пра гэта ён абвясціў на фестывалі „Беларуская песня”.

Словы падзякі ён адрасаваў гасцям фестывалю ды ўсім жыхарам Падляшша:

– За гады працы ў Польшчы я прывязаўся сэрцам да гэтай гасціннай зямлі і асабліва да людзей, якія жывуць і працуюць на Беласточчыне – да вас паважаныя сябры. Я шчыра захапляюся вашай адданасцю беларускім традыцыям, вашай любоўю да беларускай мовы і беларускай культурнай спадчыны. За гэта вам вялікі дзякуй і нізкі паклон. Дзякуй за тое сяброўства, якое я знайшоў сярод вас, за цеплыню пачуццяў, за адчуванне сябе, як на Радзіме. Гэтае вельмі каштоўнае пачуццё застанецца са мной назаўжды. 

У сваю чаргу намеснік старшыні Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень падзякаваў Аляксандру Авяр’янаву за гады плённай працы, у тым ліку на карысць беларусаў Польшчы.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя