Аляксандр Бухвостаў: Бюракратыя абараняецца



Прафсаюзны актывіст Аляксандр Бухвостаў пракаментаваў абноўлены закон “Аб зваротах грамадзян”, згодна з якім чыноўнікі зараз змогуць падаваць у суд на беларусаў за сістэматычныя звароты.

Закон быў прыняты летам мінулага года, але ўступіў у сілу 23 студзеня.

Згодна з ім, арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць спагнаць праз суд выдаткі на разгляд імі сістэматычных (тры і больш разоў на год) неабгрунтаваных скаргаў ад аднаго і таго ж заяўніка, а таксама, якія ўтрымліваюць зараней ілжывыя сведчанні.

Аляксандр Бухвостаў: З аднаго боку, трэба сказаць, што на самой справе ёсць крышачку неадэкватныя людзі, якія проста завальваюць скаргамі ўсе магчымыя інстанцыі – ад газет да выканаўчай улады. Але ж у асноўным людзі звяртаюцца тады, калі ў іх з’яўляюцца праблемы. Праблемы трэба вырашаць, але людзі нярэдка атрымліваюць простыя адпіскі ад чыноўнікаў. Вось зараз праз новы закон і можа быць спроба чынавенства абараніць сябе ад просьбаў беларусаў. Чыноўнікі увогуле заўсёды выступаюць за тое, каб у іх было менш праблем са зваротамі грамадзян. Таму прыняты закон выступае яшчэ і як інструмент запалохвання людзей.

РР: Можна, дарэчы, рабіць не толькі пісьмовы, але і электронны зварот…

Аляксандр Бухвостаў: Я сам некалькі разоў карыстаўся такім чынам, і адказы былі. Але, паўтаруся, на мой погляд, зараз, калі ўзровень жыцця людзей падае, чыноўнікі вырашылі перастрахавацца і перасцерагчы сябе ад масавага наплыву людзей са скаргамі і зваротамі. Яны хочуць знізіць нагрузку на выкананне сваіх абавязкаў. Бюракратыя абараняецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя