Аляксандр Бухвостаў: Чужыя правілы гульні выкарыстоўваем у сваіх мэтах
Лідар Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксанд Бухвостаў, які зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Васняцоўской акрузе №93, распавёў пра свой удзел у гэтых выбарах.
Аляксандр Бухвостаў: Чаму ўдзельнічаю ў выбарах? Трэба даводзіць да людзей праўду, тлумачыць, што неабходна выказвацца пра свае праблемы публічна. А праблем жа ў народа хапае. Таму што нават тыя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі, якія закладваюцца ў планы на наступны год, не прыносяць людзям палёгкі.
Таксама правы працоўных уразаюць пастаянна. Нашы працоўныя яшчэ не рабы, але і асаблівага права голаса не маюць. У выніку канфліктнай сітуацыі з працадаўцам многія проста не могуць адстаяць свае правы і самае крыўднае, што не хочуць. Вось тут мы і хочам сказаць, што ёсць незалежныя прафсаюзы, якія могуць абараніць гэтых самых людзей. Наша сіла ў салідарнасці.
Але выбараў няма і не будзе, я гэта цудоўна разумею. Яны пройдуць па правілах, якія прыдумала ўлада.
РР: Але ж вы сваім удзелам у гэтай кампаніі як быццам пагадзіліся з гэтымі правіламі…
Аляксандр Бухвостаў: Мы выкарыстоўваем гэтыя правілы дзеля таго, каб вырашыць свае тактычныя мэты. Здавалася б, і насамрэч: навошта мне ў маім становішчы займацца гэтым глупствам? Патлумачу. Пакуль я кірую Свабодным прафсаюзам металістаў, трэба яго прапагандаваць. Толькі зыходзячы з гэтага і прымаю ўдзел у выбарах, а не таму, што разлічваю на дэпутацкі мандат.
Калі б былі свабодныя выбары, мы б гэтую кампанію пабудавалі абсалютна інакш. Дакладна ведалі б, як яе правесці, знайшлі б рэсурсы, звярталіся б да арганізацый і людзей, якія могуць дапамагчы. Але беларускі варыянт выбараў не прадугледжвае празрыстасці і адкрытасці працэса. Таму няхай улада вырашае свае задачы, а мы – свае.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belaruspartisan.by