Аляксандр Бухвостаў: Народ паказаў, на што ён здольны
Адзін з лідараў незалежных прафсаюзаў Аляксандр Бухостаў выказаўся пра шматтысячныя пратэсты, якія праходзілі ў Беларусі.
Аляксандр Бухвостаў: Шматтысячныя маршы, безумоўна, не маглі праходзіць бясконца, але народ паказаў, на што ён здольны. На баку ж рэжыму былі толькі дубінкі.
Вось зараз, напрыклад, збіраюцца праводзіць Усебеларускі народны сход. З кім будуць праводзіць? З АМАПам? Ці з тымі, каго прызначаць? Бо народ жа падчас выбараў яскрава паказаў сваю любоў да “усенароднаабранага” – людзі ў чэргах стаялі па некалькі гадзін, каб прагаласаваць супраць яго.
На тых жа заводах, ведаю, большасць людзей насамрэч супраць улады, але не ўсе гатовы адкрыта пратэставаць. Няма ўжо ў іх большасці падтрымкі на прадпрыемствах, гэта я бачу па тых калектывах, якія добра ведаю.
РР: Калі вярнуцца да пратэстаў…
Аляксандр Бухвостаў: Мы бачым, што зараз працягваюцца масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў, хаця людзі проста патрабавалі справядлівасці. Заўважу – не пераварочвалі машыны і не штурмавалі рэзідэнцыі, а проста хацелі быць пачутымі.
І хачу сказаць, што гэта ўжо з галоваў беларусаў не выбіць ніякімі дубінкамі, штрафамі і турэмнымі пасадкамі. Як многія кажуць: краіна ўжо ніколі не будзе ранейшай.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя