Аляксандр Дабравольскі: Наша дзяржава выглядае, як адна галава, а ўсё астатняе – азадак!



Мала хто ў краіне мог бы пахваліцца такой насычанай, разнастайнай і вірлівай біяграфіяй, як наш суразмоўца. Яму 58 год, ён мае дзве вышэйшыя адукацыі – інжынера і юрыста. 

Экс-дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, дзе быў разам у міжрэгіянальнай групе разам з Андрэем Сахаравым, Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам, Барысам Ельцыным ды Анатолем Сабчаком. Адзін з ініцыятараў стварэння партыі АГП у 1990-м.

У Канстытуйцыйным судзе быў прадстаўніком групы дэпутатаў па справе імпічменту Аляксандра Лукашэнкі. А яшчэ зараз – дырэктар Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў. Усё астатняе ў размове з нашым госцем – вядомым палітыкам Аляксандрам Дабравольскім:

РР: Пачнем з самага аператыўнага і рэтраспектыўнага – 26 год таму на адзін дзень ў першага прэзідэнта СССР і ў апошняга генеральнага сакратара КПСС Міхаіла Гарбачова выхапіў уладу так званы ГКЧП. Ён складаўся з артадаксальных вышэйшых камуністычных наменклатуршчыкаў. І на другі ж дзень быў падаўлены высілкамі пратэстаў з усіх абшараў былога СССР. Путч 19 жніўня стаў лёсавызначальным для знікнення Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і закальцаваны з усёй Вашай далейшай палітычнай біяграфіяй…

Аляксандр Дабравольскі: Савецкі Саюз распаўся б раней ці пазней, бо для гэтага існавалі аб’ектыўныя прычыны. Для путчу ж былі нагоды – спроба не дапусціць прыняцця новага саюзнага дагавора ў Новаагарове, які, на думку путчыстаў толькі б паскараў распад. Але ўсё атрымалася наадварот – акурат яны і сталі яго каталізатарам.

РР: Але зараз маем тую ж “паніку па-беламу”. Ужо тыдзень як едуць у Беларусь 3 тысячы расейскіх вайскоўцаў у 4-х тысячах вагонаў. Яны ля Барысава, у Асіповічах – ці сапраўды могуць яны ў нас “навекі пасяліцца”, паводле незалежных прагнозаў і стаць рэальнай узброенай пагрозай Незалежнасці? Зянон Пазьняк жа ўжо кажа пра “узброены супраціў”?

Аляксандр Дабравольскі: Імперыя – гэта форма дзяржаўнага існавання, што прадугледжвае дзеля захавання і падтрымкі “баявога духу” пастаянны захоп чужых тэрыторый. І сённяшняе крамлёўскае кіраўніцтва хоча – зусім як пры ГКЧП – захавання імперыі і “кіравання ўсім светам”. Хоць гістарычна яны ўсе распадаліся і будуць распадацца. Куды ім агаспадарыць “новыя землі”, калі і на старых не хочуць наводзіць парадак і маюць спрэс жабрацтва?! Дый зірніце і на тое, што зараз робіцца ў Крыму, дзе толькі скарацілася колькасць тых, хто адпачывае! Дый для змянення ролі Расеі на сусветнай арэне няма ні падстаў, ні рэсурсаў. Тым не менш, з наступу вучэнняў “Захад-2017” на нашых абшарах узнікла вялікая небяспека таго, што Беларусь можа быць “падстаўленая” пад вайсковы кантроль Расеі. Гэтага вонкава не хоча той жа Лукашэнка – не з-за таго, што шануе беларускую гісторыю і незалежнасць, але бачыць рэальную пагрозу для бязмежжа сваёй улады. Дый беларусы ўжо прызвычаіліся да таго, каб быць суверэннымі і, маўляў, можам самі кіраваць у сябе. Але ёсць і ўплывовыя расейскія шавіністы, якія б віталі захоп нашай краіны.

РР: Дарэчы, Пуцін днямі падпісаў указ пра перадачу ФСБ ахову “супольнай заходняй мяжы саюзнай дзяржавы” – гэта значыць ад Берасця. Што – акупацыя пачалася?

Аляксандр Дабравольскі: Гэта так, але захоп і не заканчваўся. У часы таго ж СССР Беларусь фармальна лічылася ў ААН суверэннай рэспублікай, але незалежнай дзяржавай не была. Пасля прыходу Лукашэнкі ізноў пачаліся русіфікацыя, усталяванне расейскай інфармацыйнай прасторы. Нашы людзі праз дамінаванне чужых тэлеканалаў лепш ведаюць, што робіцца ў “іх”, чым у сабе. Думаю, што і ў нашых сілавых структурах велічэзная інфільтрацыя рэальных “агентаў Масквы”.

РР: Здаецца, па пэўных дзеях і выказваннях Лукашэнка “рускі свет” не вельмі вітае..

Аляксандр Дабравольскі: Справа ў гандлі. Калі яму прапануюць нешта, што задаволіць амбіцыі, дык можна саступіцца і суверэнітэтам…

РР: Зрэшты, у эканоміцы інтарэсы асабістай улады фатальна перамагаюць над інтарэсамі дзяржавы і людзей. Кіраўніца адміністрацыі Наталля Качанава запатрабавала “неадкладнага выканання” увосень абрыдлага, здаецца, і “вярхам”, і “нізам” “дэкрэта №3”. І пры тым жа – язычыць спачатку пра тысячу, цяпер пра 1385 рублёў сярэдняга заробку, які мусяць дасягнуць пры канцы года. Хіба зноў дзякуючы інфляцыі? Між іншым, ва ўрадзе дагэтуль пакуль кажуць не больш чым пра 800 дэнамінаваных. Андрэй Кабякоў не хоча апынуцца чарговым “хлопчыкам для біцця”?

Аляксандр Дабравольскі: Трэба паведаміць, што Кабякоў – прэм’ер-міністр, бо, мабыць, мала хто гэта ведае. Бо ўласнымі дзеямі ды ініцыятывамі, як і “палатачнікі”, не можа “свяціцца” за фігурай прэзідэнта. Нават наша апазіцыйная Канапацкая нядаўна высветліла, што каб з’ездзіць па персанальным для яе запрашэнні за мяжу, патрэбны дазвол з адміністрацыі прэзідэнта. Наша дзяржава выглядае як адна галава, а ўсё астатняе азадак. Праблема і не ў трэцім дэкрэце, а ў тым, што ў Беларусі ёсць два заканадаўчых органа. Фармальна парламент, а рэальна прэзідэнт, што выдае дэкрэты і загады, што й маюць сілу законаў. Гэта дзяржаўная шызафрэнія, калі, як у чалавечых мазгах два паўшар’і дзейнічаюць асобна адно ад аднаго. Што да рашэнняў пра “дармаедаў” – гэта яркі прыклад уладнай дэградацыі. Калі прымаюцца рашэнні, што не толькі азлабляюць народ, але і не карысць той жа ўладзе, што развучылася рэальна кіраваць і можа толькі забіраць апошнія капейкі ў тых, у каго грошай і так няма. Чыноўнікі ўжо не разумеюць, што выйсці з крызіса можна толькі не ўсталяваннем татальнага кантролю, а пры зняцці бар’ераў, што прывяло б да рэальных інвестыцый у эканоміку. У нас жа патэнцыйныя інвестары сутыкаюцца з тым, што і зямлю нельга набыць, прадпрыемствы ўжо набытыя забяруць, як здарылася з “Камунаркай” і “Спартаком”. Ці проста упякуць за краты, як уласніка мотавелазавода ці Чыжа. Жылі толькі на крэдытах. Але Захад і з імі ўжо пракінуў, бо ніякія абяцанні не выконваюцца. Мо блізкая да гэтага і Расея, што будзе больш прыгнечаная пад апошнімі амерыканскімі санкцыямі.

РР: Дарэчы, мы ў часе нядаўняга саміту СНД звязаліся з Вамі, калі былі ў Кіеве, адкуль паведамілі, што мясцовыя друк і палітыкі СНД і Еўразвяз досыць паблажліва называюць “таежнымі саюзамі”…

Аляксандр Дабравольскі: Сапраўды, гэта структуры, што рэальна не працуюць. Прыгадаем толькі 2014 год, калі тая ж Украіна старшынствавала ў СНД, а Расея ўвяла вайскоўцаў у Данбас, захапіла Крым. Украіна склікала тэрміновае пасяджэнне СНД, але па загаду з Масквы ніхто туды не паехаў…

РР: І ўсё-ткі ёсць тая мяжа, якую ў здачы Незалежнасці не стануць пераходзяць народ і ўлада, ці знойдзецца той рухавік, што “завядзе” нас ў невядомую і небяспечную для многіх будучыню?

Аляксандр Дабравольскі: Рухавік просты – пачуццё ўласнай годнасці. Толькі самапавага можа штосьці змяніць! Слабасць грамадства – слабасць апазіцыі, што ў вачах абыякавых выглядае як збор “дзівакоў”, якія замест “піва ды відовішчаў” прапануюць “нейкую там незалежнасць”. Але давядзецца зразумець, што можа не стаць і “хлеба з півам”, калі “нейкія” стануць кіраваць не ў нашых інтарэсах.

РР: Калі б склаліся ўмовы, баластаваліся б зноў у парламент – з вашым аграмадным досведам?

Аляксандр Дабравольскі: У такі як зараз – без выбараў і выбару – канешне, не. Быць дэкарацыяй – не ў маім характары. У краіне, якой бы ганарыўся, што ў ёй нарадзіўся, якую б паважалі ў свеце – так! Дзе ўсіх бы аб’яднала – Жыве Беларусь!

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя