Аляксандр Дабравольскі: Ніякіх перспектываў СНД наогул не мае



Значную частку сваёй прамовы на адкрыцці саміта кіраўнікоў СНД і Вышэйшай еўраазійскай эканамічнай рады Аляксандр Лукашэнка прысвяціў украінскай “тэме”. Ён адзначыў: “куды ўжо далей, калі вайна ідзе на тэрыторыі нашых партнёраў, сябра СНД”. Тым не менш прэзідэнт Пятро Парашэнка, як вядома, у Менск не прыехаў. Але як ва Украіне ацэньваюць усё, што адбываецца ў беларускай сталіцы? Пра гэта расказвае палітык, дырэктар еўрапейскай школы палітычных доследаў Аляксандр Дабравольскі. Гэтымі хвілінамі ён знаходзіцца ў Кіеве:

– Стала відавочна, што СНД ніякай карысці краінам не дае. Усе абсалютна бяззубыя, нічога не могуць сказаць супраць агрэсіі Расеі ва Украіне, таму ніякіх перспектываў СНД наогул не мае. Мытны саюз тут называюць Таёжным саюзам. Гэта не цікава для Украіны. У людзей ужо сваё бачанне будучыні і сваёй краіны. Яно, зразумела, будзе няпростым, але ўжо вырашана куды Украіна рухаецца. Яна рухаецца ў бок цывілізацыі. А ў бок «тайгі» рухаюцца тыя, хто не можа праявіць палітычную волю.

Між іншым, найвялікшы рэйтынг цяпер маюць публікацыі ды сайты, што асвятляюць не размовы ў рэзідэнцыі Лукашэнкі, а звязаныя з лёсам затрыманых у Барысаве ў час учарашняга футбольнага матча Беларусь-Украіна, – падкрэслівае Аляксандр Дабравольскі.

Беларускае Радыё Рацыя