Аляксандр Фрыдман: Лукашэнка – чалавек імпульсіўны, таму могуць быць розныя рэакцыі



Госць Рацыі – палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман. Наш карэспандэнт Улад Грынеўскі размаўляе з ім пра пазіцыю Украіны адносна чарговых санкцый па Беларусі.

РР: Прагучала такая інфармацыя, быццам нават Україна звярнулася да Еўрапейскага саюза з тым, што не трэба ўводзіць чарговыя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, паколькі і так яны там бедныя пад калпаком Расеі сядзяць, увогуле лічацца акупаванай Расеяй тэрыторыяй. Як гэтая сітуацыя ўвогуле выглядае?

Аляксандр Фрыдман: Сітуацыя сапраўды вельмі цікавая. Што мы ведаем на дадзены момант? Так, было вось гэтае паведамленне, гэта быў такі караценькі твіт карэспандэнта “Радыё Свабода” ў Бруселі Ёзвека, дзе ён паведаміў, што паміж іншым, вось гэта цікава падкрэсліць, што на пазіцыю Еўразвяза, каб санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі не ўводзіліся, паўплывала таксама і пазіцыя Украіны. Украінскі бок гэта чакана абверг, інакш там і быць не магло.

Што тычыцца Еўразвяза – Еўразвяз таксама не пацвердзіў, што Україна там нейкім чынам ціснула ці імкнулася нешта зрабіць. Што трэба адзначыць, па-першае, тое, што ўплыў Украіны на рашэнні, якія прымаюцца ў Бруселі, а вось усе рашэнні з санкцыямі, асабліва апошнім часам, прымаюцца вельмі цяжка, абмежаваны. Гэта так не працуе, што Кіеў сказаў, што мы жадаем, каб не ўводзілі – не ўводзяць. Калі санкцыі ўводзяцца альбо не ўводзяцца, то Еўразвяз кіруецца перш за ўсё ўласнымі інтарэсамі. Таму я значэнне Кіева не перабольшваў бы.

Па-другое, калі сапраўды Кіеў займае такую пазіцыю, пэўная логіка ў гэтым ёсць. І гэта логіка не толькі кіеўская, гэта і логіка брусельская. Санкцыі на самой справе ў другой палове 2022 года для рэжыму Лукашэнкі не ўводзіліся, мне падаецца таму, што ў Бруселі, ведаючы пра абмежаваную самастойнасць Лукашэнкі, тое, што канчатковае рашэнне наконт вайны і міру прымае Лукашэнка, – наіўных у Бруселі няма, там разумеюць, што за Лукашэнкам стаіць Масква. Але мне падаецца, што і Кіеў, і Брусель не жадаюць дадаткова падштурхоўваць Лукашэнку да Масквы. Так бы мовіць, ставіць Лукашэнку ў такую сітуацыю, у якой ён абавязкова будзе рабіць нейкія непрыемныя крокі супраць Украіны, уводзіць, напрыклад, войскі альбо правакаваць яго. Лукашэнка – чалавек імпульсіўны, таму могуць быць розныя рэакцыі. Гэтая логіка мне падаецца сумнеўнай, але ўсё ж такі менавіта гэтай логікай карыстаюцца і ў Бруселі, і ў Кіеве.

РР: У кантэксце гэтай размовы, ці варта ўзгадваць такія факты, што Зяленскі не  хоча сустракацца з Ціханоўскай і нібыта яны яшчэ да вайны збіраліся супрацоўнічаць з Лукашэнкам пасля 2020 года. І па-ранейшаму праз украінскія газаправоды ідзе газ на тэрыторыю Еўропы. Расейскі газ праз Украіну, нягледзячы на тое, што там вайна.

Аляксандр Фрыдман: Я б гэта таксама разглядаў у гэтым кантэксце. Што тычыцца газавага пытання, гэта, канешне, адно з самых дзіўных пытанняў гэтай вайны. З аднаго боку ідзе вайна, а з другога боку – усё ж такі бізнес працягваецца і расейскі газ ідзе. Гэта сапраўды такое вельмі цікавае пытанне.

Што тычыцца спадарыні Ціханоўскай, то тут, мне падаецца, усё ж такі два чыннікі адыгрываюць ролю. Тое, што Зяленскі з ёй публічна не сустракаўся, але мы не ведаем, магчыма, непублічныя кантакты на гэтым узроўні былі, але для Ціханоўскай ён сапраўды час не знайшоў, нават для тэлефоннай размовы.

Апошнім часам ён знаходзіць час для размоваў з прэм’ер-міністрам Люксембурга, з прэзідэнтамі афрыканскіх краінаў, з кіраўніком сейма Латвіі ён сустракаецца. Для іх ён знаходзіць час, а для Ціханоўскай ён час не знайшоў. Магчыма, гэта таксама звязана з тым, што не жадаюць часткова правакаваць Лукашэнку, гэта я магу сабе ўявіць, але ёсць і іншы чыннік. Зяленскі паводзіць сябе досыць прагматычна і эгаістычна. Ён сустракаецца з тымі і размаўляе, хто можа яму нешта даць, прынесці дадаткова.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя