Аляксандр Фрыдман: Лукашэнка гатовы на ўсё



Падчас нарады ў панядзелак Лукашэнка зрабіў шэраг гучных заяў пра тое, што Польшча і краіны Прыбалтыкі засяродзілі ля беларускай мяжы дзясяткі тысяч вайскоўцаў. Акрамя гэтага нібыта і з боку Украіны для Беларусі ўзнікла пагроза з-за засяроджвання вайскоўцаў. Прынамсі Служба бяспекі Украіны назвала такія заявы маніпуляцыяй і часткай інфармацыйнай вайны.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцем Рацыі” – гісторыкам і палітычным аналітыкам Аляксандрам Фрыдманам пра тое, чые ваенныя планы агучвае Лукашэнка, чаму Расеі патрэбная „суверэнная” Беларусь, хаця б на паперы, і чым характэрны новапрыняты Закон „Пра генацыд беларускага народу”.

РР: Чым зараз займаецца Беларусь на такім перакрыжаванні розных інтарэсаў?

– Цяпер, як мне падаецца, гэта асабліва відавочна стала ў часы казахстанскіх падзей, Лукашэнка выконвае ролю так бы мовіць асістэнта Пуціна ў нейкім сэнсе, ці той асобы, якая імкнецца паказаць тое, што падабаецца расейскаму кіраўніцтву. Можа не ўсё тое, што расейскае кіраўніцтва само хацела б агучваць. Ён проста існуе ў гэтым кантэксце, бачыць сябе часткай гэтай у вялікім сэнсе расейскай палітыкі. Вось менавіта так і трэба разглядаць яго заяву. Мне падаецца ён сказаў менавіта тое, што ад яго чакаюць у Маскве ці тое, што з яго пункту гледжання Маскве павінна падабацца. Што тычыцца ўсіх гэтых пагрозаў, якія там існуюць, ваенныя пагрозы з польскага боку ці прыбалтыйскага альбо ўкраінскага, то гэта такая старая гісторыя, усур’ёз гэта ўспрымаць не выпадае. Усім жа зразумела, што ніякай ваеннай пагрозы з таго боку не сыходзіць і ніхто не збіраецца нападаць на Беларусь.

РР: Ці можам мы зараз казаць, што Беларусь з’яўляецца суверэннай дзяржавай?

– Фактычна гэта палітычны вектар Расеі. Тут пытанне ў тым чаму гэта ўсё робіць Лукашэнка. Ён робіць таму, што ён атрымлівае гэтыя загады з Масквы? Ён выканаўца ці дзейнічае самастойна? Наконт гэтага пытання можна паспрачацца, але гэта цалкам усходні вектар, гэта цалкам маскоўскі вектар. Гэта тая сістэма каардынат у якой існуе Лукашэнка. Яго становішча зразумелае, ён разумее, што Захадам больш нічога напэўна не атрымаецца, гэтая гісторыя скончана, там адносіны не палепшацца. Гэта значыць палітычнае выжыванне Лукашэнкі залежыць наўпрост ад Масквы і становішча ў яго досыць цяжкае. Большасць, што тычыцца насельніцтва, то большасць ставіцца да яго адмоўна, там такой падтрымкі зразумела няма. Палепшыць становішча на заходнім накірунку больш немагчыма, застаецца толькі адзін маскоўскі фактар. Лукашэнка разумее, што калі ён страціць падтрымку Масквы, то ён страціць уладу. Страціць уладу для Лукашэнкі азначае сёння, асабліва пасля казахстанскіх падзей, гэта не толькі страціць уладу, але і пагроза яго ўласнай бяспекі. Для Лукашэнкі галоўнае на сённяшні момант – гэта яго асабістыя інтарэсы. Ён разумее, што ён можа іх рэалізаваць толькі калі будзе паводзіць сябе лаяльна ў адносінах да Масквы.

РР: Украінскія аналітыкі сцвярджаюць, што ваенная інтэрвенцыя расейскіх войскаў ва Украіну можа таксама адбыцца з тэрыторыі Беларусі. Наколькі гэта ўвогуле магчымы?

– Гэты сцэнар яны прагаворваюць, але прагаворваюць ці прапісваюць яго не толькі ва ўкраінскай прэсе ці ўкраінскімі службоўцамі, гэтыя сцэнары ёсць і ў еўрапейскай прэсе. Гэта такі сцэнар у тым сэнсе, што калі Расея не пажадае такога адкрытага сутыкнення з Украінай, ці не пажадае сама ўводзіць войскі, то можа зрабіць нешта праз тэрыторыю Беларусі, а потым сказаць: „Беларусь гэта ж суверэнная дзяржава. Гэта ж Лукашэнка зрабіў. Мы да гэтага не маем аніякага дачынення. Так, што калі вы жадаеце вырашаць нейкія пытанні, то вырашайце на гэты конт пытанні з Беларуссю”. Таму тэарэтычна канешне гэта магчыма, але наступствы, калі нешта там такое адбудзецца, пачнуцца ці сутыкненні, ці канфлікты на беларуска-ўкраінскім напрамку, гэта гэта будзе абсалютна жахлівая справа. Выключаць на сённяшні дзень у тым становішчы, у якім апынуўся Лукашэнка, выключаць увогуле нічога нельга. Лукашэнка – гэта дыктатар у якога няма будучыні, ён гэта дакладна разумее. Няма ніякай стратэгіі, што будзе праз пяць гадоў, праз тры гады, праз два гады. Лукашэнку гэта не цікавіць. Яму галоўнае вытрымаць сёння і па магчымасці вытрымаць заўтра. Лукашэнка, з майго пункту гледжання, гатовы на ўсё. Гэта чалавек, які гуляе ў сваю апошнюю гульню. У яго няма будучыні, ён верагодна, як мне падаецца, асабліва пасля казахстанскай гісторыі, калі ён пабачыў, што адбылося і адбываецца з Назарбаевым, чалавекам, які карыстаўся ў Лукашэнкі вялікім аўтарытэтам, да якога ён, як мне падаецца, ставіўся з вялікай павагай, ён пабачыў, што і ў Назарбаева не атрымалася. Праект Назарбаева разбурыўся. У такім становішчы Лукашэнка напэўна зразумеў, што трэба сядзець да апошняга, ісці да канца і хай будзе тое, што будзе. У такіх выпадках чалавек думае менавіта так, ён здатны на ўсё, што заўгодна, нас могуць чакаць розныя сюрпрызы. Усе гэтыя фантастычныя версіі датычна Беларусі пасля падзей апошняга году, пасля міграцыйнага крызісу, пасля справы Пратасевіча, пасля ўводу войскаў у Казахстан, гэта ўсё ўжо так фантастычна не выглядае.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя