Аляксандр Фрыдман: Падыход нямецкай палітыкі да беларускага пытання можа змяніць
Нямеччына ў чаканні новага ўраду, які прынамсі наступныя 4 гады будзе кіраваць краінай. І калі пасля выбараў у канцы верасня, на якіх перамагла Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі, да канца не было ясна, хто сфарміруе новы ўрад, цяпер гэта відавочна. Тры партыі – сацыял-дэмакраты, «зяленыя» і свабодная дэмакратычная партыя – сфарміруюць свой урад да 6 снежня. Гэта можа змяніць і падыход нямецкай палітыкі да беларускага пытання, да Аляксандра Лукашэнкі.
Як кажа палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман, пазіцыя сацыял-дэмакратаў, якія дамінуюць у кааліцыі ўмераная, але што тычыцца «зялёных» і лібералаў, то іх пазіцыя – жорсткая і крытычная.
Кажа аналітык Аляксандр Фрыдман:
– І гэта таксама цікава, бо пазіцыя лібералаў і „зялёных” не адрозніваецца, яна радыкальна антылукашэнкаўская. Узмацненне санкцый і адначасова ўзмацненне падтрымкі дэмакратычнага руху. За гэта выступаюць і лібералы, і „зялёныя”. Такая вельмі жорстка пазіцыя. Яны падкрэсліваюць заўсёды, што трэба прыкласці асаблівыя намаганні, каб была вызваленая Марыя Калеснікава. Яна і для нямецкіх лібералаў, і для нямецкіх „зялёных” абсалютна сімвалічная фігура.
Ангела Меркель ужо не канцлер Нямеччыны. У дзень устаноўчага пасяджэння бундэстага 20-га склікання федэральны прэзідэнт уручыў ёй і чальцам яе кабінета афіцыйныя граматы аб заканчэнні іх паўнамоцтваў. Афіцыйна яна – выконваючая абавязкі кіраўніка ўраду да таго часу, пакуль у свае правы не ўступіць новы ўрад.
Дарэчы, Ангела Меркель і яе кансерватыўны блок (Хрысціянска-дэмакратычны саюз і Хрысціянска-сацыяльнага саюз) мелі ўмераную пазіцыю па Беларусі з аглядкай на Расею.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя