Аляксандр Фрыдман: Няма ніводнага сацыялагічнага апытання, паводле якога Ле Пэн можа перамагчы
У гасцях Радыё Рацыя палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман паразважаў пра французскія выбары. Ці можа Ле Пэн перамагчы і чаму Меланшон набраў столькі галасоў, пакуль Макрон займаўся знешняй палітыкай і тэлефанаваў Пуціну? На такія пытанні палітолаг адказаў нашаму журналісту.
– Эмануэль Макрон перш за ўсё імкнуўся прадставіць сябе, як дзяржаўны дзеяч, які вырашае сур’ёзныя сусветныя праблемы, які спрабуе спыніць вайну, у адрозненні ад Марын Ле Пэн і Меланшона, якія канцэнтраваліся на ўнутрапалітычных пытаннях і знешняй палітыкай асабліва не займаліся. У прынцыпе, калі мы паглядзім на вынікі, яны досыць добрыя для Макрона – перавага ў першым туры ўсё ж прысутнічае, можа не такая моцная, як хацеў бы сам Макрон, але выглядае ўпэўнена. І безумоўна перад другім турам ён з’яўляецца фаварытам. Канешне, так лёгка ўсё не будзе, бо Марын Ле Пэн яму больш моцная апазіцыя, чым падчас мінулых выбараў. Але мне здаецца, што Макрону і гэтым разам атрымаецца перамагчы.
– У беларускім і расейскім інтернеце шмат фота, на якіх Макрон размаўляе з Пуціным, ці дапамагло яму гэта на выбарах?
– Я думаю, што гэта асабліва не паўплывала на самой справе. Бо калі мы паглядзім на гэтую кампанію, яна была вакол унутрапалітычных тэмаў. Знешная палітыка прысутнічала фонам, але яна цэнтральнай тэмай не была. Калі мы паглядзім на Меланшона і Ле Пэн, яны, асабліва Ле Пэн, займалі такія спачувальніцкія пазіцыі ў дычыненні да Расеі і нават да самога Уладзіміра Пуціна яшчэ перад вайной. І гэта асабліва не сапсавала іх вынікі, наадварот, Меланшон атрымаў больш галасоў, чым чакалася, менавіта таму, што займаўся ўнутрапалітычнымі тэмамі. А што тычыцца Макрона, ён рабіў стаўку на тое, што зможа дасягнуць нейкіх вынікаў, можа спыніць вайну, альбо дамагчыся нейкіх паслабленняў ад Пуціна, таму цікава паглядзець, што ён будзе цяпер рабіць перад другім турам, наколькі актыўна ён будзе займацца знешняй палітыкай ці сканцэнтруецца на ўнутраняй.
– Аналітыкі сцвярджаюць, што можа перавярнуцца ўвесь палітычны ландшафт Еўропы, калі пераможа Ле Пэн. Хто нэты электарат Ле Пэн і ці ёсць у яе шанец набраць больш?
– Калі мы паглядзім на сацыялагічныя апытанні ў Францыі, яны кажуць, што Ле Пэн можа вельмі добры вынік атрымаць у другім туры – гэта 45%, нават 48% альбо 49%, але пакуль няма ніводнага сацыялагічнага апытання, паводле якога Ле Пэн зможа перамагчы. Але гэта будзе куды лепшы вынік, чым на выбарах 2017 года, калі перавага Макрона ў другім туры была відавочная. Так што Ле Пэн свае пазіцыі палепшыла, калі глядзець сацыялагічна, вось што атрымліваецца: сярод людзей ва ўзросце ад 25 да 50 гадоў яна атрымала сапраўды вельмі шмат галасоў, а вось Макрона падтрымалі наадварот, людзі такога ўжо сталага ўзроста і гэта такі сур’ёзны сімптом, гэта азначае, што на будучых выбарах такім кандыдатам з дэмакратычнымі поглядамі, як Макрон, ліберальна поглядамі, прыйдзецца досыць цяжка.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Беларускае Радыё Рацыя