Аляксандр Фрыдман: У беларускім грамадстве ёсць расчараванне
Расчараванне ёсць, але таксама варта памятаць, у якіх умовах працуюць сёння беларускія апазіцыйныя палітыкі. Так палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман ацаніў настроі грамадства ў трэцюю гадавіну пасля пратэстаў 2020 года. Глабальныя мэты не выконваюцца, за кратамі па-ранейшаму па стане на 9 жніўня 1494 палітвязняў, санкцыйны ціск не прымусіў Аляксандра Лукашэнку паслабіць рэпрэсіі супраць прыхільнікаў пераменаў. Гэта і фарміруе пэўнае расчараванне, падкрэсліў ў нашым эфіры палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.
– Гэтае расчараванне прысутнічае ў самой Беларусі. Там не бачаць нейкіх дасягненняў дэмакратычных сілаў, канкрэтных дасягненняў, якія ўплываюць на жыццё. Акрамя таго там працуе прапаганда. Акрамя таго Беларусь можа ў любы момант быць уцягнута ў баявыя дзеянні. Людзі, якія жывуць у Беларусі, іх цікавіць зусім іншае. Яны жывуць у той рэчаіснасці, якая ёсць. А што тычыцца дэмакратычных сілаў, яны паступова ўжо існуюць таксама ў іншай рэчаіснасці.
Як паведамляюць беларускія праваабаронцы, за тры гады пасля выбараў 2020 году як мінімум 3645 чалавек асудзілі паводле крымінальных спраў «за палітыку».
9 жніўня ў 2020-ым годзе ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, вынікі якіх не прызнала міжнародная супольнасць ды частка беларускага грамадства. Масавыя пратэсты, што праходзілі ў Беларусі пасля выбраў, улады жорстка здушылі.
Беларускае Радыё Рацыя