Аляксандр Фядута: Беларусам трэба навучыцца адстойваць свой выбар



Сітуацыя паміж Беларуссю і Польшчай у справе з Саюзам палякаў прымушае паставіць пытанне: а ці не з’яўляецца такі канфлікт спробай адцягнуць Польшчу ад ціску на вырашэнне беларускага пытання? Ды і наколькі сама Беларусь працягвае паўнавартасна функцыянаваць як дзяржава на фоне палітычнага крызісу?

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка задала гэтыя ды іншыя пытанні Госцю Рацыі – палітычнаму аглядальніку Аляксандру Фядуту.

РР: Ці паўнавартасна зараз працуе такая дзяржава як Рэспубліка Беларусь?

Аляксандр ФядутаНе. Я магу сказаць, што мне крыху сорамна за былых маіх калегаў – дзяржаўных службоўцаў, таму што з іх шмат вельмі дасведчаных людзей, з вялікім досведам, з вялікім разуменнем таго, што трэба краіне. А зараз усе займаюцца толькі  адным – як дапамагчы чалавеку, які страціў сумленне і ўплыў на значную частку выбарцаў, захаваць уладу. З майго пункту гледжання гэта не вельмі добра і для краіны, і не вельмі добра для тых дзяржаўных службоўцаў, хто гэтым займаецца. Таму што яны бачаць як на самой справе разбураецца тое, што яны стваралі столькі год.

РР:  Чаму яны так робяць? Наколькі стабільны рэжым Лукашэнкі?

Аляксандр Фядута: Ведаеце, ім няма куды ісці, нават у 1996 годзе, калі  ўсё ж такі было супрацьстаянне галінаў улады, яны не пайшлі да Вярхоўнага Савету, тагачаснага Парламенту, таму што як – яны ж адносіліся да выканаўчай улады. Чаму ім ісці на перамовы з заканадаўчай уладай? А пасля Канстытуцыя склалася так, як яе перапісвалі ўсе. Кожны новы прэзідэнцкі юрыст даводзіў тагачаснаму прэзідэнту, што  ён лепей ведае, што трэба зрабіць з Канстытуцыяй. І зараз усе дзяржслужбоўцы апынуліся ў такім становішчы, што ісці сапраўды няма куды. Яны баяцца, што страцяць свабоду і маёмасць. Хтосьці баіцца, што можа страціць жыллё, а хтосьці і жыццё.

Яны хвалююцца, і я іх разумею, але насамрэч яны не разумеюць іншага  – ніхто з тых, хто сышоў, не прапаў, усе знайшлі працу і ўсе жывуць.  

РР: Пры гэтым аналітыкі дыскутуюць пра тое, ці можа ў Беларусі з’явіцца такі чалавек, які можа супрацьстаяць Лукашэнку  і аб’яднаць, напрыклад, вакол сябе сілавікоў. На вашу думку, які дзеяч сапраўды можа супрацьстаяць Лукашэнку як палітычная фігура?

Аляксандр Фядута: Спадарыня Ціханоўская супрацьстаіць Лукашэнку як палітычная фігура. Жанчына, якая нават атрымала падтрымку значнай часткі беларусаў. Але справа ў тым, што пасля падзеі развіваліся так, як яны развіваліся, і шмат хто расчараваўся ў спадарыні Ціханоўскай. І гэта звязана не з тым, што ў ёй расчараваліся як у асобе, а з тым, што яна так і не здолела прапанаваць у той момант, калі яе рэйтынг быў найвышэйшым, нічога, што пачулі б і тыя сілавікі перш за ўсё, і дзяржчынавенства.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя