Аляксандр Кабанаў: Галоўнае – арганізаваць дзейснае назіранне



Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы праціўнікаў акумулятарнага завода з Берасця не выключаюць фальсіфікацыяў на бліжэйшых выбарах у парламент. Пра гэта яны заявілі напярэдадні і падчас збору подпісаў за вылучэнне сваіх кандыдатаў на выбары ў згаданы заканадаўчы орган.

Пра тое, як збіраюцца з гэтым змагацца, распавёў блогер і “кандыдат у кандыдаты” Аляксандр Кабанаў:

– Усё ж такі асноўны ухіл, і мы гэта абмяркоўвалі з ініцыятыўнай групай, будзе на тое, каб запрасіць людзей узяць удзел у працы ўчастковых камісій і ўзяць удзел у назіранні. Тыя, хто ставяць подпісы за вылучэнне, мы да іх звяртаемся, што гэта ўсё добра, але асноўная праца адбываецца потым на ўчастках. І толькі нашыя сумесныя намаганні могуць гэтаму супрацьстаяць. Наогул, канешне, у ідэале, калі мы назбіраем дастаткова шмат людзей ва ўчастковыя камісіі, то вылучым гэтых людзей, прынясем гэтыя спісы, і запатрабуем ад тых, хто будзе фарміраваць участковыя камісіі, каб усе людзі былі ўключаны.

Выбары ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Схода пройдуць 17 лістапада 2019 года. Нацыянальны Сход Беларусі паўстаў паводле зменаў унесеных у Канстытуцыю ў выніку рэферэндума 1996 года. Беларуская апазіцыя тады звярнула ўвагу на парушэнні заканадаўства падчас ягонага правядзення, а ў знак пратэста супраць яго падалі ў адстаўку некалькі суддзяў і функцыянераў урада.

Беларускае Радыё Рацыя