Аляксандр Кабанаў: Уладзе напляваць, што людзі хварэюць і паміраюць!



Увесці каранцін у Беларусі магчыма толькі тады, калі дзяржава хаця б часткова пакрые заробкі і розныя выплаты. У гэтым перакананыя апытаныя прадстаўнікі берасцейскай дэмакратычнай супольнасці.

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, блогер Аляксандр Кабанаў перакананы, што ўлады павінны прадпрымаць больш сур’ёзныя крокі дзеля прадухілення наступстваў эпідэміі:

– Я разумею, што каранцін – гэта вельмі складана. Тут ёсць нейкія аб’ектыўныя моманты, якія трэба прыняць. Бо, так, эканоміка ў нас не гатовая да такіх жорсткіх узрушэнняў. Але трэба адмяніць усе гэтыя футбольныя матчы, усе масавыя мерапрыемствы, вучняў і студэнтаў перавесці на дыстанцыйнае навучанне, а гэта не так складана зрабіць. Хаця б нейкія мінімальныя меры ўлада мусіла зрабіць. А як аказалася, мы да гэтага таксама не гатовыя. Ім напляваць на тое, што людзі будуць хварэць і паміраць! І гэта ўсе бачаць.

Беларусь нараўне са Швецыйя застаюцца адзінымі ў еўрапейскай частцы свету краінамі, дзе дагэтуль не ўведзены каранцін. Адзінае спадзяванне — на сістэму аховы здароўя, а таксама на тое, што з часам выпрацуецца калектыўны імунітэт.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце