Аляксандр Камароўскі: Бегчы трэба ад гэтай інтэграцыі, як ад агню
Сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні аб’яднання “Абаронцы Айчыны” і былы “афганец” Аляксандр Камароўскі выказаўся наконт таго, ці патрэбна Беларусі і беларусам “паглыбленая інтэграцыя”.
Нагадаем, што Беларусь і Расея дамовіліся да 21 чэрвеня падрыхтаваць праграму дзеянняў па інтэграцыйным ўзаемадзеянні ў Саюзнай дзяржаве.
Аляксандр Камароўскі: І краіне, і беларусам патрэбна бегчы ад гэтай інтэграцыі, як ад агню. Навошта нам звязвацца з краінай, якая ўжо з усімі перасварылася, акупавала Крым і Данбаc, вядзе вайну ў Сірыі? Наогул ніякай інтэграцыі не павінна быць з Масквой. Ёсць дзве суверэнныя краіны, на гэтым і павінны будавацца адносіны. І кропка! Пра якую інтэграцыю наогул можна казаць?
РР: І, тым не менш, размова пра гэта ідзе на самым высокім узроўні, створаны працоўныя групы…
Аляксандр Камароўскі: Пуціну патрэбна падымаць рэйтынг, які імкліва падае і знізіўся, здаецца, да 30 адсоткаў. Вайна з Украінай, захоп Крыма паднялі настрой расейцам, але ж захопленым Крымам сыты не будзеш, таму ўнутраныя праблемы даюць пра сябе ведаць.
Я заўважыў, што ў Расеі пастаянна падтрымліваюць градус імперскасці, тэма сваёй перавагі, заваявання новых тэрыторый пастаянна павінна гучаць, таму і падліваюць алею ў агонь.
І ў Расеі ўжо паціраюць рукі – маўляў, зараз і Беларусь далучым да сябе. Пакуль ўсё гэта на ўзроўні размоў, але ж гадоў дзесяць таму ніхто і ўявіць не мог, што расейцы будуць ваяваць з украінцамі. Таму Беларусі трэба быць вельмі пільнымі. Прыкра, што ўлады давялі краіну да такога стану залежнасці ад Масквы, што і вайны не трэба.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя