Аляксандр Камароўскі: У абдымках аванцюрнай палітыкі Крамля
Падпалкоўнік ваенна-паветраных сілаў, сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні аб’яднання “Абаронцы Айчыны” Аляксандр Камароўскі пракаментаваў інфармацыю аб магчымым з’яўленні ў Беларусі ўжо ў студзені расейскіх авіяцыйных базаў.
Аляксандр Камароўскі: Я катэгарычна супраць усялякіх ваенных базаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Авіяцыйных, іншых… Чаму? Таму што гэта вельмі небяспечна. І асабіста я лічу, што для Беларусі вораг нумар адзін – не Захад, а стратэгічная пагроза ідзе менавіта з Расеі, улічваючы яе агрэсіўнасць і нахабаства ў сусветных працэсах. Ці нехта лічыць, што вайна ва Украіне адбылася без умяшальніцтва Расеі? Таму нам наогул не патрэбны нейкія ваенныя альянсы. Расея можа нас уцягнуць у сур’ёзны міжнародны канфлікт, а, магчыма, і ў Трэцюю сусветную вайну. Тут любому зразумела – калі ў Беларусі ёсць расейская авіяцыйная база, то на яе аўтаматычна перанацэльваецца НАТА. І Беларусь, у выпадку чаго, атрымае па вушах разам з Расеяй. Расейскія ж ідыёты нават ядзернай зброяй Захаду пагражаць. Нармальныя людзі ў XXI стагоддзі такія словамі не кідаюцца. Таму я, як ваенны чалавек і проста грамадзянін сваёй краіны, лічу, што ад такіх спраў трэба трымацца далей.
РР: Кажуць, што расейскія ваенныя базы ў Беларусі – справа вырашаная.
Аляксандр Камароўскі: Значыцца НАТА нас аўтаматычна запіша ў стратэгічныя ворагі. Беларускія ўлады не толькі маглі, але і абавязаны былі адмовіцца ад такога сумніўнага праекту. Трэба было знайсці выхад з сітуацыі. Але, відаць, Масква прыціснула так, што з пасткі ўжо не выбрацца. Самі ж, дарэчы, туды і палезлі. І сёння маем тое, што маем – Беларусь піхаюць у абдымкі аванцюрнай палітыкі Крамля.
РР: Наколькі вядома, расейскія ваенныя базы ўжо ёсць у Беларусі. Ці не так?
Аляксандр Камароўскі: Ні для каго ні сакрэт, што пад Вілейкай месціцца расейская радыёлакацыйная база. І я скажу, што для здароўя людзей, якія жывуць побач, таксама нічога добрага ад гэтай станцыі няма. Я праходзіў у свой час службу ў Адэскай вобласці, там была аналагічная станцыя. Там адсоткаў 30-40 жанчын хварэлі ракавымі хваробамі. Навошта нам такое “шчасце”?
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя