Аляксандр Камароўскі: Гандлёвыя войны з Расеяй – вечная тэма
Сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні аб’яднання “Абаронцы Айчыны” Аляксандр Камароўскі распавёў пра карані беларуска-расейскіх канфліктаў.
Кіраўнікі Расеі і Беларусі, здаецца, знайшлі нейкі кампраміс у нафтагазавай спрэчцы, але ці надоўга будзе зацішша ў асяродку саюзнікаў, якія пастаянна канфліктуюць?
Аляксандр Камароўскі: Гэтыя канфлікты былі, ёсць і будуць, напэўна, да сканчэння вякоў. І найперш тут, на мой погляд, вінаваты расейцы, якія з аднаго боку хочуць пабудаваць з Беларуссю нейкі паўнавартасны саюз, а з іншага – мараць яшчэ і надурыць. То ім малако беларускае не падабаецца, то кілбасы, то яшчэ нешта… Хаця кожны расіянін ведае, што лепшых прадуктаў, чым беларускія, ён у Расеі не знойдзе. З нафтай і газам тая самая сітуацыя. І я разумею абурэнне афіцыйнага Менска, калі і тут усходні сусед стараецца выкруціць рукі. Але падвысілі цэны на транзіт расейскай нафты – суседзі сталі больш лагоднымі. І гэта правільна, трэба найперш думаць пра інтарэсы сваёй краіны. Бо такім саюзнікам палец у рот лепш не класці, паловы рукі не будзе.
РР: Цяжка жыць з такім саюзнікам…
Аляксандр Камароўскі: Прыклад Украіны ужо паказаў, наколькі цяжка. Тут, як кажуць, палец трэба пастаянна трымаць на спускавым курку. Хаця жыць у такіх умовах з Расеяй нам прыйдзецца яшчэ доўга. А значыцца трэба ўсвядоміць, што Масква разумее толькі мову сілы і прынцыповасці. Беларусь для Расеі – важны геапалітычны партнёр, таму на гэтым можна гуляць і атрымліваць свае дывідэнды. А наконт канфліктаў, то яны яшчэ будуць. Гэта ж вечная тэма.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя