Аляксандр Камароўскі: Нам патрэбны забітыя ў Сірыі беларусы?



Сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні аб”яднанняАбаронцы Айчыны і былы “афганец” Аляксандр Камароўскі патлумачыў, чаму беларускім вайскоўцам не трэба пагаджацца на ўдзел у міратворчай місіі ў Сірыі.

Як вядома, Расея звярнулася да краін СНД, у тым ліку Беларусі, з прапановай накіраваць кантынгент у Сірыю для сумеснага маніторынгу ў зоне дээскалацыі. Ці патрэбна гэта нам?

Аляксандр Камароўскі: На мой погляд, беларускаму боку катэгарычна не трэба дазволіць уцягнуць сябе ў сірыйскі канфлікт, бо з сумнага досведу гісторыі мы добра ведаем, чым заканчваюцца такія ўдзелы ў “міратворчых місіях”. Адна рэч, калі ва ўлады ёсць шчырае жаданне “ўляпацца” ў расейскую аванцюру, і зусім рэч, калі мы жадаем захаваць нейтралітэт.

РР: У адзін момант можна сапсаваць свой іміж на доўгія гады?

– Аляксандр Камароўскі: Так, бо што такое вайна ў Сірыі? Вельмі складаны канфлікт у арабскім свеце. Нам патрэбна, каб гэты свет быў настроены супраць Беларусі? І хто дае гарантыю, што нават падчас міратворчай місіі не будуць забітыя і параненыя беларусы? Таму пра Сірыю нам трэба проста забыць. Гэта я вам магу сказаць як чалавек, які прайшоў вайну ў Афганістане. Афганістан – гэта таксама была вялікая памылка і ў пэўным сэнсе нават злачынства перад афганскім народам. Дык навошта нам наступаць на старыя граблі? Для стратэгіі развіцця беларускай дзяржавы нам ні ў якім разе не трэба ўдзельнічаць у сірыйскім канфлікце. Улады павінны гэта разумець.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя