Аляксандр Камароўскі: Не дасць грошы Крэмль – дапаможа Захад



“Як я бачу, Беларусь мае вялікае жаданне знізіць сваю залежнасць ад расейскіх грошай”, – кажа сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні аб’яднання “Абаронцы Айчыны” Аляксандр Камароўскі.

камароўскі

“Я хачу сказаць расейскаму кіраўніцтву, што мы ніколі не будзем хлопчыкамі на пабягушках”, – так выказаўся кіраўнік краіны падчас паслання парламенту і народу.

Каму ў першую чаргу адрасаваліся гэтыя словы: Крамлю ці беларусам?

Аляксандр Камароўскі: Думаю, што словы накіраваны найперш расейскаму кіраўніцтву. Пазіцыя афіцыйнага Менска – на нейтралітэт. Па вялікім рахунку, Беларусь захоўвала нейтральнасць падчас расейска-ўкраінскага канфлікту, Крым, па сутнасці, не прызнаны. Адным словам, беларуская ўлада не вельмі хоча лезці ў пуцінскія аванцюры. Паглядзіце, што Казахстан таксама не жадае гэтага. Назарбаеў – вопытны наменклатуршчык і разумее, чым гэта можа скончыцца. Таму сяброўства і супраца з Расеяй – адно, але ўсе, як мне падаецца, разумеюць, што авечка-сябар у адзін момант можа пераўтварыцца ў ваўка.

РР: Але ж сёння Беларусь вельмі моцна залежыць у эканамічным плане ад Масквы. Куды падзецца?

Аляксандр Камароўскі: Безумоўна, залежым. Калі вы жывеце ў шматпавярховым доме, то суседзяў жа сабе не выбіраеце. Даводзіцца суіснаваць і з добрымі, і з дрэннымі. Знаходзіць кампраміс. Так і Расея, ад якой мы залежныя і ў рэалізацыі тавараў, і ў іншым…

РР: У атрыманні крэдытаў, напрыклад…

Аляксандр Камароўскі: Як я бачу, Беларусь мае вялікае жаданне знізіць сваю залежнасць ад гэтых крэдытаў. Зараз ужо робяцца нейкія крокі насустрач Захаду, бо ўсе разумеюць, што зрабіць сваім вечным донарам Маскву – гэта вельмі небяспечна. І для эканомікі краіны, і для ўлады. Таму не дасць грошы Крэмль – дапаможа Захад. Я ў гэтым упэўнены.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя