Аляксандр Камароўскі: Не трэба браць удзел у чужых гульнях
Сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні аб’яднання “Абаронцы Айчыны” Аляксандр Камароўскі распавядае пра тое, ці ёсць пагроза ад расейска-беларускіх ваенных вучэнняў, якія пройдуць у Беларусі восенню гэтага году.
Аляксандр Камароўскі: Шмат абмеркаванняў будучых вучэнняў, але асаблівай рызыкі для нацыянальнай бяспекі я не бачу. Трэба разумець, што, калі Расея захоча захапіць Беларусь, то ёй для гэтага нават не патрэбна ваеннае ўмяшальніцтва. Мы і так знаходзімся ў поўнай залежнасці ад усходняга суседа. А вучэнні праводзяцца проста таму, што Беларусь уваходзіць у дамову аб калектыўнай бяспецы.
РР: Але ў адрозненні ада папярэдніх вучэнняў сёлетнія будуць прадстаўлены расейскімі вайскоўцамі ў куды ў большых маштабах.
Аляксандр Камароўскі: Разумееце, імідж Расеі настолькі сапсаваны ва ўсім свеце, што ім патрэбна хоць нейкія дзеянні паказваць. І замест таго, каб наладжваць адносіны з той Украінай ды іншымі краінамі, яны працягваюць паказваць мускулатуру. Вучэнні больш разлічаны не на Беларусь, а НАТА, хочуць прадэманстраваць сілу.
РР: Беларусь выступае пляцоўкай для дэманстрацыі?
Аляксандр Камароўскі: Так. І, як мне падаецца, нашай краіне ў перспектыве трэба паменш прымаць удзел у гэтых чужых гульнях. Расейская палітыка можа ўцягнуць Беларусь у ваенны канфлікт. І ў такім выпадку наша краіна для Расеі можа стаць буфернай зонай. А, як мы бачым, палітыка Крамля – вельмі непрадказальная.
РР: Некаторыя эксперты прагназуюць, што пасля вучэнняў частка расейскіх вайскоўцаў можа застацца на тэрыторыі Беларусі. Ці магчымы такі варыянт развіцця падзей?
Аляксандр Камароўскі: Без дазволу беларускага кіраўніцтва яны, безумоўна, не застануцца, але ж мы і праўда не ведаем усяго таго, што адбываецца за кулісамі афіцыйных сустрэч. Але тэарэтычна ўсё магчыма. Асабліва з улікам украінскага вопыта.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя