Аляксандр Камароўскі: Расейскія базы ў Беларусі – гэта пастка
Сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні аб’яднання “Абаронцы Айчыны” Аляксандр Камароўскі ацэньвае рызыкі для краіны ад размяшчэнні расейскіх ваенных базаў у Беларусі.
Расея абяцае “Іскандэрамі” і ўзмацненнем групоўкі войскаў у Беларусі адказаць на размяшчэнне ў краінах Усходняй Еўропы і Балтыі танкаў, артылерыйскіх сістэм і іншага цяжкага ўзбраення ЗША і краін НАТА, заявіў каардынатар упраўлення генеральных інспектараў Мінабароны Расеі генерал-маёр Юрый Якубаў.
Аляксандр Камароўскі: Пажадана было б, каб Беларусь не стала расейскім ваенным палігонам, бо можам дайсці да таго ж стану, што і ўсходні саюзнік. Іншая рэч, што беларускім уладам цяжка куды-небудзь уцячы, як кажуць, з падводнай лодкі, бо залежнасць ад Расеі настолькі моцная, што іншага выйсця проста няма. Афіцыйны Менск спрабуе нешта карэкціраваць і праводзіць як бы сваю палітыку, але на выхадзе маем тое, што маем.
РР: Якія рызыкі ёсць ад размяшчэння расейскіх ваенных базаў?
Аляксандр Камароўскі: Беларусі трэба праводзіць нейтральную палітыку, а сябраваць пажадана з усімі – і з Усходам, і з Захадам. Мы ж бачым, у якое балота Масква зараз улезла з вайной ва Украіне, але ж аўтаматычна цягне за сабой і Беларусь. Гэта свайго рода пастка. Нам гэта патрэбна? Таму асабіста я, як былы ваенны чалавек, катэгарычна супраць узмацнення сумесных ваенных высілкаў і пераўтварэнене тэрыторыі Беларусі ў расейскі палігон. Расеі самой трэба выходзіць з канфрантацыі са светам і наладжваюць сваю маральную палітыку, адмаўляючыся ад таго, што нарабіла за апошнія два гады.
РР: Што атрымае Беларусь узамен за размяшчэнне расейскіх ваенных базаў на сваёй тэрыторыі?
Аляксандр Камароўскі: Нічога добрага, акрамя таго, што Расея, напэўна, дасць чарговы крэдыт ды зніжкі на нафту і газ. Але Расея і сама зараз у крызісе, мільярды даляраў ідуць на вайну з Украінай ды “крымнаш”. Ідзе штодзённае падзенне эканомікі, Масква баіцца, як бы свае штаны не зваліліся. Што ад яе можна атрымаць? Я не кажу, што з Расеяй трэба катэгарычна не падтрымліваць ваенныя кантакты, быць абсалютна нейтральнымі мы не зможам. Але ж трэба разумны кампраміс. Чым больш у нас будзе нейтралітэту, тым спакайней сябе будзем пачуваць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя