Аляксандр Камароўскі: Расея надарвала сабе пуп
Былы “афганец” і сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні аб’яднання “Абаронцы Айчыны” Аляксандр Камароўскі дае сваю ацэнку таму, што Расея прыняла рашэнне вывесці свае войскі з Сірыі.
Аляксандр Камароўскі: Па-першае, мне здаецца, што поўнасцю Расея не будзе выводзіць войскі з Сірыі, што б там не заяўлялі. І, па-другое, складваецца ўражанне, што расейцы з усімі сваімі ваеннымі канфліктамі, у якія ўвязаліся, ужо крыху надарвалі сабе пуп. Няма рэсурсаў, каб змагацца па ўсіх кірунках, улічваючы тое, як яшчэ і свет зараз адносіцца да Расеі. Магчыма, таксама наспеў нейкі канфлікт і ў самім расейскім кіраўніцтве, бо нават няўзброеным вокам бачна, што палітыка Крамля нічога добрага для краіны не нясе.
РР: Ці дасягнула Расея сваёй мэты удзелам у сірыйскім канфлікце?
Аляксандр Камароўскі: Я думаю, калі і дасягнула, то адмоўнага выніку. Расея дадаткова настроіла супраць сябе яшчэ адну праслойку свету – мусульманскую частку насельніцтва. Пра Еўропу і Амерыку я ўжо не кажу.
РР: Якая мэта была для Масквы ў Сірыі?
Аляксандр Камароўскі: У яе там былі свае інтарэсы, але таксама патрэбна было адцягнуць увагу ад Украіны, бо там Расея надоўга сапсавала свой імідж, калі, па сутнасці, распачала вайну ў суседняй брацкай краіне. Яны знайшлі сабе ворага як мінімум на дзесяцігоддзі наперад. У дадатак да гэтага – адносіны ўсяго свету, абвал эканомікі. Усё зараз працуе супраць Крамля.
РР: Але там лічаць, што “Расея падымаецца з кален”…
Аляксандр Камароўскі: Калі паслухаць расейскіх прапагандыстаў, то так і ёсць. Навешаць лапшыну на вушы можна, але ж рэальнасць зусім іншая. Зрэшты, ужо і многія расейцы пачынаюць расплюшчваць вочы, яны бачаць, што атрымалі на самой справе.
РР: Беларусь у сірыйскім канфлікце займала нейтральную палітыку. Гэта правільная пазіцыя?
Аляксандр Камароўскі: Безумоўна. Я вельмі ўсцешаны, што беларускае кіраўніцтва, па сутнасці, не падтрымала ні адну пуцінскую аванцюру. І гэта пры тым, што Беларусь амаль поўнасцю залежыць ад расейскіх рэсурсаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя