Аляксандр Камароўскі: Вайскоўцамі народ палохаюць
Сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні аб’яднання “Абаронцы Айчыны” і былы “афганец” Аляксандр Камароўскі выказаўся наконт таго, ці пойдуць вайскоўцы супраць людзей.
Дзяржсакратар Савета бяспекі, былы міністр абароны Андрэй Раўкоў падчас наведвання Аляксандрам Лукашэнкам 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады заявіў, што сілавы блок гатовы прадухіліць магчымыя масавыя беспарадкі ў Беларусі.
Аляксандр Камароўскі: Калі будуць нейкія пратэсты, то не думаю, што спатрэбіцца дапамога вайскоўцаў. Тое, што кіраўнік Беларусі ездзіць па вайсковых часцях ды наведвае дэсантнікаў, якія з’яўляюцца ўдарнай сілай, як мне падаецца, робіцца больш для карцінкі, каб застрашыць народ. Арміяй ужо пачалі палохаць.
Але вайскоўцы – гэта ж не міліцыя. Мяркую, і ў іх саміх няма ніякага жадання душыць танкамі ўласны народ. Таму малаверагодна, што армія спатрэбіцца.
РР: Але, калі будзе загад…
Аляксандр Камароўскі: Безумоўна, вайскоўцы павінны выконваць загады, але ж ужо былі выпадкі, калі выконваць іх адмаўляліся. Але, паўтаруся, малаверагодна, што спатрэбіцца дапамога арміі.
Улада проста ведае свой сапраўдны рэйтынг, баіцца народных пратэстаў і вырашыла дзейнічаць прэвентыўна. Таму амаль кожны дзень і гучыць рыторыка, што ізноў беларусы могуць вярнуцца ў “галодныя” 90-я гады, а паралельна з гэтым людзей пужаюць сёняшнімі і будучымі рэпрэсіямі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя