Аляксандр Казулін: Каму патрэбна такая стабільнасць?



Экс-кандыдат у прэзідэнты і былы рэктар Белдзяржуніверсітэта Аляксандр Казулін аргументуе, чаму ў ВНУ і іншых навучальных установах патрэбна ўводзіць каранцін.

Аляксандр Казулін: Увесь свет прымае з-за каронавіруса адэкватныя каранцінныя меры, і толькі беларускія ўлады думаюць, што нас гэта праблема абыдзе бокам. Хаця менавіта ў гэтым выпадку неабходна жорсткасць і дысцыпліна. Таму, натуральна, і ў ВНУ, і ў іншых навучальных установах патрэбна ўводзіць каранцін. Бо здароўе грамадзян – гэта галоўнае.

А калі мы найперш думаем пра фінансавую стабільнасць, шкадуем грошы, якія маглі б пайсці на каранцін, гэта ўжо выклікае пытанні. Каму патрэбна такая фінанансавая стабільнасць, калі пачнуць паміраць людзі?

РР: Беларускі кіраўнік сказаў, што з-за каронавіруса ў народа пачаўся “масавы псіхоз”. А як вам успрымаецца гэтая сітуацыя?

Аляксандр Казулін: Сітуацыя з каронавірусам яскрава паказала, што свет вельмі няўстойлівы. Здаецца, не такая ўжо і сур’ёзная праблема, а свет можа разваліцца на кавалкі.

Сіла яднання, пра якое мы ўвесь час кажам, аказваецца, нічога не вартае. І замест таго, каб змагацца з хваробай разам, усім светам (напрыклад, стварыць агульны сусветны штаб па барацьбе з каронавірусам) кожная краіна закрывае межы і змагаецца паасобку. Хаця агульнымі намаганнямі гэтая б барацьба была б куды больш эфектыўная.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя