Аляксандр Класкоўскі: Пэўны запас трываласці ў рэжыму ёсць
У Беларусі няма падстаў спадзявацца на перамены: пакуль нязменным застаюцца „моцныя рэпрэсіўныя абцугі” беларускага грамадства, падтрымка Расеяй свайго сатэліта, а таксама павольныя падзеі ў расейска-украінскай вайне.

Контррэвалюцыяй, як аналогію падзей пачатку 20-га стагоддзя, назваў сучасны момант у Беларусі „Госць Рацыі” палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
– На сёння для мяне відавочна, што Лукашэнка здушыў пратэсты, здолеў кансалідаваць вакол сябе наменклатуру, сілавікоў. Пэўны запас трываласці ў рэжыму ёсць. Трэба, каб гэта асэнсоўвалі і ягоныя праціўнікі. Яны цяпер відавочна знаходзяцца, акрамя таго, што ідуць нейкія сваркі, прэтэнзіі ўзаемныя выказваюцца, гэта тое, што на паверхні. Калі глядзець глыбей, то гэта адлюстраванне канцэптуальнага крызісу. З аднаго боку здаецца, што мірны пратэст паказаў няздольнасць перакуліць вось гэты жорсткі аўтарытарны рэжым, які цяпер на думку некаторых аналітыкаў ужо і рысы таталітарызму набывае.
А з іншага боку гэта стаўка на сілавы варыянт, назавём яго так, якая цяпер становіцца ўсё больш моднай сярод часткі праціўнікаў рэжыму. Яна таксама выклікае цэлы шэраг пытанняў. Як вядома, энтузіяст такога сцэнару Вадзім Пракоп’еў. Ён ужывае такую метафару, як „Армія Андэрса”, па аналогіі з польскай арміяй часоў другой сусветнай вайны. На мой погляд, гэтая аналогія кульгае. Тут галоўнае пытанне, якая краіна возьмецца фармаваць вось такую вызвольную армію для Беларусі. Паказваюць, напрыклад, на полк „Пагоня”, полк „Каліноўскага” ва Украіне.
Але тут не варта забывацца, што гэта падраздзяленні Украіны, а Украіна найперш вырашае свае задачы, задачы барацьбы супраць расейскага ўварвання. Няма ніякай гарантыі, што калі гэта вайна скончыцца, то гэтыя падраздзяленні не расфармуюць. Таму тут шмат пытанняў наконт таго ці рэалістычны такі сцэнар нейкага нейкага сілавога зрынання рэжыму. Тая нядаўняя канферэнцыя ў Вільні „Новая Беларусь”, дзе здаецца шэраг нейкіх пытанняў вырашылі ці часова вырашылі, у прыватнасці пачалі фармаваць пераходны кабінет. На стратэгічнае пытанне гэта мерапрыемства, на мой погляд, нейкіх выразных адказаў усё ж не дало.
Беларускае Радыё Рацыя
