Аляксандр Класкоўскі: Апазіцыя зноў паказала нізкую дамоваздольнасць
Ужо сёння, 30 красавіка, – апошні дзень анлайн галасавання, дзе выбіраюць адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары 2020 года. Па стане на раніцу 29 красавіка прагаласавалі 3688 чалавек. Раней заяўлялася, што ўдзел у анлайн-галасаванні возьмуць да 100 тысяч чалавек, а адзінага кандыдата абяруць на з’ездзе ў канцы траўня.
Лічбы акурат сведчаць, што беларусы не зацікавіліся гэтым працэсам. Нават палітычна заангажаваныя актывісты не галасавалі актыўна.
Гэта прадказальна, – каментуе палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі:
– Удзельнікі праймерыз “наламалі занадта шмат дроў”, зрабілі вельмі шмат для таго, каб адарваць цікавасць палітызаванай публікі да ўсяго гэтага праекта. Таму што з самага пачатку, сапраўды, уся гэтая задума суправаджалася скандаламі. Галоўнае – апазіцыя зноў паказала недавер адзін да аднаго, лідары, нізкую дамоваздольнасць, скандальнасць. Карацей, усё ў “найлепшых” традыцыях. І шматлікія, я думаю, проста адхіснуліся ад гэтага працэсу.
Сёння ў праймерыз удзельнічаюць тры кандыдыты: Юрась Губарэвіч (Рух «За Свабоду»), Мікалай Казлоў (АГП) і Вольга Кавалькова (незалежная кандыдатка). Раней праймерыз пакінулі Павел Севярынец з БХД ды Аляксей Янукевіч з БНФ.
Праз пагрозу каронавірусу галасаванне за адзінага перайшло ў інтэрнэт-прастору. Відавочна каронавірус унясе змены і планы правядзення напрыканцы траўня агульнага з’еду, дзе павінны агучыць імя адзінага кандыдата на выбары 2020 года ад некалькіх апазіцыйных структураў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя