Аляксандр Класкоўскі: Рэжым у Беларусі не здраджвае сабе
Рэжым у Беларусі не здраджвае сабе. Так палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі пракаментаваў масавыя суды над удзельнікамі пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй.
З аднаго боку Лукашэнка гэтыя пратэсты выкарыстоўваў у перамовах з Пуціным як аргумент, маўляў, беларусы жадаюць быць незалежнымі. З іншага боку, удзельнікаў акцый караюць, каб не паказаць слабасць пазіцый Лукашэнкі ўнутры краіны. Заўважае аналітык:
– Гэта драматычная для Беларусі сітуацыя. Нібыта гэтыя пратэсты граюць на руку Лукашэнку. Ён часткова нават гэта выкарыстоўваў, калі даваў днямі інтэрв’ю Аляксею Венедыктаву, рэдактару радыёстанцыі “Эха Масквы”. Маўляў, я ў пэўнай ступені разумею гэтых людзей, але адразу пачаў дыскрэдытаваць, казаць, што гэтыя пратэсты праплочаныя. З чаго можна зрабіць выснову, што беларускае кіраўніцтва баіцца росту палітычнай, нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, бо гэта будзе пагражаць і самаму недэмакратычнаму беларускаму рэжыму.
Паводле звестак праваабаронцаў “Вясны”, прынамсі 16 судоў за акцыі пратэсту супраць інтэграцыі маюць прайсці 27 і 30 снежня. Актывістаў судзяць паводле артыкула 23.34 адміністрацыйнага кодэкса (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Пасяджэнні пройдуць у судах Першамайскага і Партызанскага раёнаў у дачыненні да апазіцыйных лідараў Юрася Губарэвіча і Вячаслава Сіўчыка, актывістаў Леаніда Кулакова, Дзяніса Юркевіча, Дзяніса Красачкі, Пятра Маркелава і Антона Жылко. Затым суды працягнуцца 30 снежня, калі сярод іншых будуць судзіць Уладзіміра Арлова і Уладзіміра Някляева.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя