Класкоўскі: Беларускія ўлады своечасова дыстанцыяваліся ад Масквы



Украіна будзе прысутнічаць у беларускай перадвыбарчай кампаніі, такое меркаванне выказаў у эфіры нашага радыё беларускі эксперт Аляксандр Класкоўскі.

Паводле яго, ўжо цяпер можна адзначыць, што кіраўнік Беларусі пачаў рыхтаваць глебу да чарговых прэзідэнцкіх выбараў і абраў для гэтага прыклад постмайданаўскай Украіны.

 – Дзейны кіраўнік пачаў ужо разыгрываць гэтую ўкраінскую карту, і ён натуральна падкрэсівае выгадны для сябе момант: у Беларусі моцная ўлада, у Беларусі стабільнасць, таму ў нас тут не страляюць, не ліецца кроў.

Пры гэтым Аляксандр Класкоўскі адзначыў, што беларуская дзяржаўная прапаганда будзе спрабаваць прадставіць беларускую апазіцыю, як радыкалаў, якія хочуць пахіснуць стабільнасць і дабрабыт у Беларусі.

– Лукашэнка, як вядома, яшчэ ўвесну, калі быў самы пік шалу маскоўскага, сустракаўся з Турчынавым, потым з’ездзіў на інаўгурацыю Пятра Парашэнкі, куды не мог паехаць Пуцін. Беларускія ўлады своечасова дыстанцыяваліся ад Масквы, каб захаваць свае інтарэсы – і палітычныя, і эканамічныя. 

Паводле беларускай Канстытуцыі чарговыя прэзідэнцкія выбары маюць адбыцца увосень будучага году. Некаторыя эксперты не выключаюць, што чарговыя выбары могуць, як і ў 2006 годзе, быць прызначаныя на паўгады раней.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя