Аляксандр Класкоўскі: Беларускія ўлады не насмеляцца забараніць праезд „начных ваўкоў”
“Начныя ваўкі” збіраюцца праехаць праз Беларусь у гэтыя выходныя. Расейскі нацыяналістычны байкерскі клуб плануе правесці рэйд праз Беларусь, Польшчу, Чэхію і Нямеччыну ў гонар 70-годдзя перамогі над нацысцкай Нямеччынай. Некалькі дзён таму ў фэйсбуку была створаная суполка з заклікам не прапусціць „Начных ваўкоў” праз Беларусь.
Рэйд расейскіх байкераў, якія прымалі актыўны ўдзел у анэксіі Крыму і ваенных дзеяннях на Данбасе, па тэрыторыі Беларусі ставіць у нязручную сітуацыю і беларускія ўлады, – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:
– З аднаго боку афіцыйны Менск імкнецца дыстанцыянавацца ад Масквы ва ўкраінскім пытанні. І з гэтага гледзішча праезд “начных ваўкоў” праз Беларусь, канешне, непажаданы момант для ўладаў. Але і пярэчыць, гэта таксама азначае – выклікаць незадавальненне ў Маскве. І я думаю, тут беларускія ўлады пакуль што занялі такую пазіцыю, якую яны часта займаюць – прамаўчаць, паглядзець на гэта скрозь пальцы.
Нямецкія ўлады ўжо заявілі, што не ўпусцяць “начных ваўкоў” у Берлін. Хвалю абурэння праезд расейскіх байкераў выклікаў і ў Польшчы.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя