Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнка баіцца апынуцца па-за гульнёй



Аляксандр Лукашэнка на Далёкім Усходзе Расеі ў горад Благавешчанск сустрэўся з Уладзімірам Пуціным. Разам яны наведалі пляцоўку, на якой будуецца касмадром “Восточный” у Амурскай вобласці, і правялі перамовы.

“А з кім яшчэ ім сустракацца?!”, – каментуе гэтыя перамовы палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі:

-Абодва апынуліся ў ізаляцыі. Яны самі гэта прызнаюць. Натуральна, яны малююць сябе высакароднымі героямі, але насамрэч гэта правадыры двух адыёзных рэжымаў, якія зусім “сарваліся з катушак”, кінулі выклік цывілізаванаму свету, і цяпер яны сёрбаюць гэтую кашу ўдвух. На жаль, і народы будуць гэтую горкую кашу яшчэ доўга есці.

РР: Лукашэнка так далёка паляцеў, каб сустрэцца з Пуцінам. Ці варта шукаць у гэтым нейкі сімвалізм ці гэта проста працоўныя моманты?

Аляксандр Класкоўскі: У Пуціна, відаць, на Дзень касманаўтыкі было гэтае мерапрыемства запланавана, а Лукашэнка і на Марс бы паляцеў, каб толькі атрымаць эканамічную дапамогу. Калі казаць, што яму патрэбна было, то гэта найперш эканамічная дапамога, і па-другое, Лукашэнка хоча ўлезці ў гэтыя перамовы паміж Масквой і Кіевам. Бо баіцца апынуцца па-за гульнёй, і пасля атрымаць па поўна праграме, калі Пуцін з Зяленскім намацаюць нейкі кампраміс, а Лукашэнка тады апынецца забыты і яму могуць уваліць, груба кажучы, па поўнай праграме. Бо Пуцін будзе старацца ў выпадку заключэння мірнай дамовы з Украінай так дамовіцца, каб санкцыі знялі ці хаця б аслабілі, і каб не было перспектывы рэпарацыі, тым болей суда ў Гаазе. А вось “малодшы брат”, як сам сябе прыніжальна любіць называць Лукашэнка, можа апынуцца па-за ўвагай, і Захад на ім якраз можа адгуляцца, бо гэта ў хаўрусе дзвюх дыктатураў слабейшае звяно.

РР: На дадзеным этапе, пагоршыліся стасункі паміж Лукашэнкам і Пуціным ці ўмацаваліся?

Аляксандр Класкоўскі: Гэтыя стасункі заўсёды былі вельмі супярэчлівымі. Ніякага даверу паміж хаўруснікамі няма. І тое, што Лукашэнка пачаў цвердзіць, што не забудзьце Беларусь, пасадзіце нас за стол перамоваў, – гэта якраз сімптом недаверу да “старэйшага брата”. Я б не сказаў, што Расея надта спяшаецца аказаць вялікую эканамічную дапамогу Беларусі. І хоць Лукашэнка ўжо пахваліўся, што і па нафце, і па газу нібы РФ дае вялікія прэферэнцыі, але Пуцін іначай гэта ўсё сфармуляваў.  Ён сказаў, што “мы захоўваем спрыяльныя цэны на нафту і газ для ўнутранага спажывання ў Беларусі”. І гэта вельмі важна. Відавочна, што і жывых грошай Расея не дае, у іх у саміх катастрафічная сітуацыя.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя