Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнка сам не ведае, што рабіць



Пра вынікі мінулага года, сустрэчу Новага года і пра палітычную сітуацыю ў Беларусі наш карэспандэнт Стас Дадэрка размаўляе з палітолагам і журналістам Аляксандрам Класкоўскім

Як кажа палітолаг, Новы  год ён сустрэў з супярэчлівым настроем:

– Мінулы год быў вельмі драматычны. З аднаго боку гэта быў год палітычнага ўздыму, год, калі  мы ўбачылі, як паўстае  беларуская палітычная нацыя. Мы ўбачылі мора бел-чырвона-белых сцягоў  на вуліцах  Менска, на вуліцах іншых беларускіх гарадоў. Але разам з тым, гэта быў год рэпрэсій, і нават само навагодняе свята многія беларусы, якія выходзілі на вуліцу, у тым ліку і мае знаёмыя, сустрэлі за кратамі.  Як вядома, на цяперашні  момант у Беларусі налічваецца 169 палітвязняў. І гэтая вось драматычная сітуацыя доўжыцца. Таму што з аднаго боку рэжым стараецца канчаткова здушыць пратэсты, а з іншага  боку адчуваецца, што людзі не  гатовыя змірыцца з працягам кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Яны будуць выходзіць і змагацца.

РР: Сённяшні дзень гэта таксама паказвае. Людзі з самага ранку, калі было яшчэ цёмна, сталі зноў выходзіць і ў Менску, і ў Гародні, і ў Наваполацку. То бок пратэстны настрой ні  ў якім разе не зніжаецца, пратэсты не затухаюць?

– Так, тым болей, што цяпер святы, нібыта такі час, калі варта расслабіцца, забыцца на палітыку, але відавочна, што гэта ўсё ж такі людзей непакоіць, гэта свярбіць. Яны хочуць паказаць, што ўсё адно будуць выказваць сваю пазіцыю, нягледзячы на рэпрэсіі. Я вось сам выйшаў на вечаровы шпацыр і за паўгадзіны сустрэў чатыры міліцэйскія патрулі. Дагэтуль за ўсе папярэднія  гады я па сваім звыклым маршруце столькі міліцыі не сустракаў.  Так што рэжым па-свойму  падрыхтаваўся да святаў, і гэта, канешне, відовішча такое, нават і не ведаю, як апісаць.

Раней людзі збіраліся ў цэнтры Менска ля ёлкі, святочны настрой. А цяпер турнікеты, агароджы, стаіць АМАП, правяраюць сумкі. І ніхто туды надта не пайшоў. Пусты  цэнтр горада. Гэта такая  вось апакаліптычная карціна, гэта, можна сказаць, апошні этап дэградацыі беларускага  рэжыму. Відавочна наколькі ён анахранічны, наколькі ён не адпавядае настрою большасці беларускага грамадства.

РР: Відавочна, што цягам гэтага месяца  будзе працягвацца так званая “зачыстка” ўсяго пратэстнага  поля. На вашу думку, якія планы мае Лукашэнка, таму што выглядае ўсё досыць заблытана  па яго  апошніх выказваннях? З аднаго боку ён  будзе збіраць так званы “ўсебеларускі  народны сход” і надаваць яму  канстытуцыйны статус, але ў той жа час гэтым сходам не  будзе прымацца Канстытуцыя.

– Сапраўды, ён сваімі выказваннямі апошнім часам усіх заблытаў. І відавочна. Што ён і сам не ведае, што рабіць. Яму і хочацца, і колецца. Вось цяпер, пэўна, Лукашэнку  здаецца, што ён авалодаў сітуацыяй, што гэты вось бунт збольшага ўжо здушаны.  І цяпер ён  бы не хацеў праводзіць ніякіх пераўтварэнняў, не рабіць ніякіх зменаў Канстытуцыі.  Яму і так добра.  Але ж у свой час, калі  ён быў у шоку ад гэтых жнівеньскіх пратэстаў, ён паабяцаў Пуціну нейкія перамены, і цяпер нешта трэба рабіць.

Цалкам гутарку   слухайце  ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя